GAUDEAMUS IGITUR!

  • Друкаваць

studentНічога дзіўнага, што сусветны гімн студэнтаў пачынаецца са слоў: Давайце радавацца! Студэнты людзі радасныя, а асабліва ў час канікул, калі сесія за плячыма, ёсць магчымасць выспацца пасля столькіх працавітых начэй, праведзеных у сяброўстве кніг ды канспектаў.


І такой жа радаснай была сустрэча студэнтаў у Глыбоцкай парафіі ў аўторак, 4 лютага. На сустрэчу прыйшло больш за 20 чалавек. Наколькі гэтае спатканне было цікавым для маладых людзей можа сведчыць тое, што доўжылася яно роўна 5 гадзінаў. Гэта можа здавацца дзіўным, але многія з нас адзін аднаго проста не ведалі, і таму, гэта сустрэча была таксама і знаёмствам.


Малады чалавек сам па сабе вельмі цікавы. Ён чытае, перажывае, любіць і злуецца, спадзяецца і расчароўваецца. Людзі ў іншых узростах робяць тое ж самае, толькі маладосць ва ўсё ўносіць свой дзіўны і прыгожы дынамізм, і таму свет маладога чалавека – гэта нібы карціна, намалёваная вельмі рашуча, заўсёды з арыгінальным мастацкім падыходам.


Што будзе далей рабіць студэнцкая моладзь у парафіі, якія планы, якія перспектывы? Усё гэта ў будучыні, а таму накрэсленыя планы застаюцца ў таямніцы. Важна, што студэнты ў нашай парафіі ёсць, яны актыўныя і цікавыя, яны хочуць сустракацца і верыць разам, і гэта галоўнае. А яшчэ, большасць з іх чытае Рэмарка…


кс. Вячаслаў Пялінак