Першая св.Імша адбылася ў адбудаванай капліцы ў Глыбоцкай бальніцы

  • Друкаваць

IMG 4847Ужо шмат гадоў cвятыя Імшы ў Глыбоцкай бальніцы ладзіліся кожны тыдзень у невялічкім памяшканні, якое служыць тэрапеўтычнаму аддзяленню ў якасці сталовай. 28 красавіка 2013 года ўпершыню адбылася св. Імша ў капліцы, у памяшканні якой некалькі дзён таму быў яшчэ рамонт.

 

Дзякуючы старанням пробашча глыбоцкай парафіі Святой Тройцы кс. Мечыслава Янчышына і дапамогі усіх святароў Глыбоцкага дэканату, капліца была адрамантавана за вельмі кароткі час. Яна атрымала тытул благаслаўлёных Мучанікаў з Беразвечча. Як адзначыў кс. Мечыслаў, гэты тытул невыпадковы, бо менавіта беразвецкія пакутнікі - кс. Станіслаў Пыртак, кс. Уладзіслаў Мацькавяк, кс. Мечыслаў Багаткевіч, якія служылі людзям у гады апошняй вайны, былі пакараныя 4 сакавіка 1942 г. ва ўрочышчы Барок, што знаходзіццца непадалёку ад шпіталя. Яны будуць апекунамі тых, хто знаходзіцца ў найбольшым смутку і патрэбе, тых, каму асабліва неабходна любоў і апека. І менавіта ў шпіталі прабываюць такія людзі, якіх Касцёл атачае самым вялікім клопатам.

 

Вернікі добра разумеюць, што медыцынская і малітоўная падтрымка неабходна, таму ўдзячныя святару і медыкам, а асабліва загадчыку неўралагічнага аддзялення бальніцы Казіміру Яцыну, які ў многім спрыяў і спрыяе, каб такая магчымасць з'явілася, падтрымлівалася і трывала. Таксама вялікая ўдзячнасць галоўнаму ўрачу бальніцы Сяргею Петухову за прадстаўленне памяшкання для капліцы.

 

Кожную нядзелю а. Ян Валяр'ян Хернік з Удзела (Глыбоцкі дэканат) служыць тут св. Імшу. Дзякуючы актыўнасці і дапамозе актывістаў Легіёну Марыі з Глыбокага, святар прыходзіць з Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце ва ўсе палаты да нямоглых хворых.

 

З гэтага моманту капліца будзе адкрыта штодзень. У ёй будзе таксама захоўвацца Найсвяцейшы Сакрамэнт, што будзе спрыяць эўхарыстычнаму культу сярод вернікаў.

 

Капліца - гэта месца для малітвы, споведзі, роздуму, духоўнага ацалення. Капліца - душа бальніцы.