З Богам, дарагія выпускнікі!
- Падрабязнасці
- Апублікавана 11.06.2013 21:29
11 чэрвеня ў нашай парафіі адбыліся св. Імшы, на якой прысутнічалі выпускнікі ўсіх школ і гімназіі разам з бацькамі.
Падчас Літургіі, якую ўзначаліў ксёндз пробашч Мечыслаў Янчышын, усе маліліся за выпускнікоў, якія скончылі чарговы этап у сваім жыцці і стаяць на парозе новага.
У гаміліі святар заахвоціў моладзь, каб яны перш за ўсё падзякавалі за гэты час навукі ў школе, за бацькоў, катэхетаў, настаўнікаў, тых, хто дапамагаў ім ўзрастаць як фізічна, так і духоўна. А таксама перапрасіць за тое, што не было згодна з Воляй Хрыста, як у навуцы, так і ў адносінах з бацькамі, настаўнікамі і сябрамі. “Цяпер вы ўжо скончылі адзін з этапаў у сваім жыцці і пачынаеце новы, яшчэ больш адказны. Дзе і кім бы вы не былі, заўсёды памятайце пра Бога і касцёл, бо толькі жывучы з Богам, можна атрымаць поўнае шчасце”, - звярнуў увагу кс.Мечыслаў.
Пасля Імшы на тварах выпускнікоў былі ўсмешкі, бо ведаюць, што даверылі сваю будучыню Міласэрнаму Айцу.
P.S. Жадаем усім нашым выпускнікам, каб ішлі па жыцці з Богам у сэрцы, памяталі пра Яго любоў і гэту сапраўдную Любоў неслі іншым. Каб ніколі не забывалі пра настаўнікаў, сваіх школьных сяброў і заўсёды, прыязджаючы да бацькоў, наведвалі нашую святыню.
Марына СІНКЕВІЧ, тэкст і фота