Вялікая пятніца. Будзь побач з Езусам!
- Падрабязнасці
- Апублікавана 08.04.2023 11:42
7 красавіка - Вялікая пятніца. Гэта адзіны дзень у годзе, калі ў касцёле на адпраўляецца св. Імша. Увечары вернікі сабраліся на Крыжовы шлях. Набажэнства, падчас якога святары неслі крыж, было з разважаннямі для тых, хто шукае Божай любові.

На пачатак Літургіі Вялікай пятніцы святары ў чырвоных арнатах падыходзячы да алтара, кладуцца ніцма крыжом, а прысутныя ў гэты час моляцца ў цішыні.
Пасля літургіі слова адбываецца адарацыя Крыжа. Пробашч парафіі, зняўшы абутак, аддаў пашану Крыжу.

Кс. Мікалай шчыра падзякаваў прысутным за іх сведчанне: «Тры гадзіны мы молімся… Можа некаторыя за год столькі не маліліся. Гэта вялікая Божая ласка. Дзякуй вам, што вы прыйшлі ў Вялікую пятніцу. Многія людзі, хрысціяне на жаль, увагуле проста “праглынулі” гэты дзень, як быццам нічога не здарылася. А гэта вялікі дзень і ў перадсмяротны час будзе для чалавека вырашальным, бо ты ўбачыш сваё жыццё, як адно імгненне. Гэтыя моманты будуць асвечаны вялікім святлом – збаўленнем, Небам”.
Святар адзначыў, што людзі вярнуліся ў храм пасля каронавірусу. “Пандэмія напужала, а гэта жыццёвы экзамен. Глыбокае – вы сапраўды шчаслівыя і трывайце ў гэтым, не дайце злому духу забраць тое, што Божае ў вашых сэрцах”.
Пасля Святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены ў грабніцу. Да апоўначы трывала на адарацыі парафіяльная моладзь.
























