Пасхальная Вігілія. Жывіце новым жыццём!
- Падрабязнасці
- Апублікавана 09.04.2023 11:30
Цырымонія Пасхальнай вігіліі пачынаецца з Літургіі святла. Перад касцёлам распальваецца вогнішча, якое асвячае святар. Ад гэтага агню запальваецца пасхал, які заносіцца ў ахінуты цемраю касцёл. У сімвале святла, якое ўваходзіць у цемру, заключаецца сэнс усёй літургіі: у зло свету ўваходзіць Пан Езус. На пачатку гарыць толькі маленькі агеньчык на пасхале. Ад яго запальваюцца наступныя свечкі, а потым уключаюць святло і становіцца зусім светла. Перад літургіяй варта знайсці ўнутры сябе такую «цемру» і запрасіць у гэтае месца Езуса.

Пасля мы пачулі спеў “Exsultet” («Абвяшчэнне Пасхі») — гэта старажытны гімн, які праслаўляе Божы план збаўлення і які раней спяваўся падчас хросту. Але змест гэтага гімна вельмі цікавы, бо гэта, па сутнасці, праслаўленне свечкі і пчалы, якая зрабіла воск. Варта ўслухацца ў гэты тэкст, бо ён цудоўны. З аднаго боку мы святкуем вялікую падзею — збаўленне свету, а з другога боку Касцёл засяроджваецца на адной пчале, дзякуючы якой мы можам святкаваць. Гэта вялікая прыгажосць літургіі Касцёла.
Пасля Літургіі святла пачынаецца Літургія слова. Яна будзе працягвацца вельмі доўга. Чытанні апавядаюць пра ўсю гісторыю свету. Мы слухаем пра тое, што адбывалася з намі, людзьмі, ад самага пачатку, адкуль мы ўзяліся, што пасля пайшло не так... Перад Евангеллем мы спяваем «Аллелюя», якое адрозніваецца ад таго, да якога мы прывыклі, — яно даўжэйшае і вельмі радаснае. З пункту гледжання літургіі менавіта ў гэты спеў Касцёл укладвае «момант уваскрасення». А пасля яго мы чуем Евангелле пра змёртвыхпаўстанне. Мы бачым у Евангеллі перамогу Езуса над усёю цемраю і смерцю. Анёл, седзячы каля гробу, кажа людзям: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?» Усё, што памерла, Езус уваскрашае...
Тое, што Касцёл паказаў праз вобразы (святло, Божае слова, розныя літургічныя знакі), сапраўды адбываецца ў чалавеку, які яшчэ знаходзіцца ў цемры — гэта цэнтральны сэнс Пасхальнай вігіліі. Бо гэтая літургія — найлепшы час, калі можа адбывацца хрост дарослых або дзяцей. Мы ў сваю чаргу падчас Пасхальнай вігіліі аднаўляем абяцанні хросту. Пасля гэтага пачынаецца Эўхарыстычная літургія. Праз усе гэтыя часткі літургіі праходзіць матыў хросту. Пасхальную вігілію можна яшчэ назваць Літургіяй хросту. Бо яна, як і хрост, павінна абуджаць і ажыўляць нас да паўнаты жыцця.

Айцец Адам Шустак ОР, ave-maria.by
Фотарэпартаж тут>>



























