Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус у Глыбокім: Прыйдзі, любові подых!

  • Друкаваць

IMG 903122 жніўня глыбоцкая парафія вітала рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. У суправаджэнні моладзевага хору рэліквіярый урачыста быў унесены ў касцёл Святой Тройцы. Словы прывітання скіравалі да св.Тэрэзкі кс. Мечыслаў Янчышын, пробашч парафіі, а. Станіслаў Памыкала, вікарый, бр. Ілля Саўчанка МІС.

 

"Святая Тэрэза, сёння ў гэтай святыні цябе вітаюць не толькі парафіяне, але і тыя, хто не змог прыйсці, хворыя і старыя, хто ў шпіталі і турме. Таксама Цябе вітаюць нашыя школы і заводы, вуліцы і дамы, праваслаўная царква і белы дом, кіраўнікі і дырэктары. Аддаем Табе нашыя праблемы і просьбы," - прамовіў у прывітальным слове а.Станіслаў.


Падчас прывітальнай Эўхарыстыі маліліся за ўсю глыбоцкую парафію і за ўсіх жыхароў Глыбоцкага раёна.


А 21 гадзіне адбылася св.Імша для ўсёй дэканальнай супольнасці. Галоўным цэлебрантам быў кс.Аляксандр Дулінец, пробашч парафіі ў Падсвіллі. Моладзь, пад кіраўніцтвам с.Таццяны Данч, упрыгожвала музычным суправаджэннем і спевам Літургію.


Праз усю ноч дзверы святыні былі адчыненыя і св.Тэрэза ад Дзіцятка Езус чакала кожнага. Касцел пустым не застаўся ні на хвілінку. Чуванне вернікаў працягвалася аж да 7 гадзіны раніцы,  калі распачалася св. Імша, пасля якой адбылося ўрачыстае развітанне.


Дзякуем Табе, св.Тэрэза, што была гэтыя дні з намі, і яшчэ раз аддаем Табе нашыя інтэнцыі і просім заступніцтва перад Богам. Выпрасі патрэбныя ласкі, а асабліва ласку святасці, каб мы за Тваім прыкладам хацелі служыць Богу і шукалі Яго ўсім сэрцам. 

 

 

Фотарэпартаж Марыны СІНКЕВІЧ