У Глыбокім біскуп Алег Буткевіч ушанаваў адноўлены абраз Маці Божай Падхорнай
- Падрабязнасці
- Апублікавана 09.12.2025 10:58
8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч наведаў парафію Святой Тройцы ў Глыбокім.
Абраз мае багатую гісторыю і з’яўляецца каштоўным скарбам у гэтым касцёле. Ён знаходзіцца ва ўлюбёным месцы святыні, дзе заўсёды людзі, ад маленькіх дзяцей да дарослых вернікаў.
На пачатку Літургіі пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч прывітаў Пастыра дыяцэзіі і адзначыў, што “адна з пярлін нашай парафіі і ўсёй глыбоцкай зямлі - абраз Маці Божай быў закансерваваны і адноўлены, сёння ўсёй парафіяльнай супольнасцю разам з Вамі хочам ушанаваць Маці Божую”.
Біскуп Буткевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную супольнасць, даручаючы ўсіх апецы Беззаганнай Найсвяцейшай Панны Марыі.
У 1854 годзе Каталіцкі Касцёл дэфінітыўна акрэсліў праўду, што Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Божага Сына, была захаваная ад першароднага граху. Для нас гэта праўда ёсць надзеяй, што кожны мае ласку быць ачышчаным ад граху, але павінны верыць моцна ў тое, што Бог дае магчымасць кожнаму імкнуцца да той святасці, якую ўяўляе Найсвяцейшая Панна. У гаміліі біскуп узгадаў, што Марыя ўвесь час нас вядзе да Езуса, Яна не вядзе ў іншым кірунку, бо гэта немагчыма, а толькі да Свайго Сына.
Як адзначыў пробашч парафіі кс. канонік Мікалай Ціхановіч, доўгі час ён думаў, што трэба ратаваць абраз. У 2023 годзе праца пачалася. Рэстаўратары напачатку правялі кансервацыю – умацавалі спецыяльнымі фарбамі і растворамі, каб затрымаць працэс разбурэння, а потым наклалі шаты, якія былі знойдзеныя падчас рамонту ў святыні.

Па словах святара, аднаўленне абраза стала магчымым дзякуючы вялікай малітоўнай падтрымцы і ахвярнасці вернікаў парафіі, што з’яўляецца выразам любові і пашаны да Маці Божай.
На заканчэнне Імшы іерарх ушанаваў і акадзіў адноўлены абраз Маці Божай Падхорнай, а таксама, як склалася па добрай традыцыі ў Глыбоцкай парафіі, быў прынесены кош белых ружаў з удзячнасцю за Яе апеку і падтрымку.












