Айцец Ілля Саўчанка МІС цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў роднай парафіі ў Глыбокім
- Падрабязнасці
- Апублікавана 25.05.2020 22:32
24 мая ў Глыбокім адбылася прыміцыйная святая Імша новапрэзбітэра Іллі Саўчанкі MIC.
Святарскае пасвячэнне марыяніна прайшло 23 мая ў нашым касцёле. Айца Іллю можна смела назваць добрым плёнам парафіі Святой Тройцы і гэта ўжо пяты сын Глыбоцкай зямлі, які атрымаў пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату.
Дзяўчаты, па традыцыі атачыўшы маладога святара прыгожым зялёным вянком, вялі яго да алтара, дзе маці блаславіла свайго сына на далейшы шлях. У роднай, з дзяцінства знаёмай святыні, і адбылася першая ў яго святарскім жыцці Эўхарыстыя.

Новапрэзбітэр з самага дзяцінства стаяў каля гэтага алтара будучы міністрантам, пазней як семінарыст, дыякан, а сёння падыходзіць да яго як другі Хрыстус. Цэлебруючы сваю першую св. Імшу, айцец Ілля маліўся аб апецы Маці Божай для маці Ядвігі і брата Андрэя, а таксама аб супакоі вечным для памерлых таты Міхаіла і брата Аляксея.
Казанне прамовіў айцец Павел Федаровіч, марыянін з Барысава, у якім даў свайму сабрату ў супольнасці некалі парад на будучыню ў якасці святара:
1. Малітва. Не губляй блізкіх адносін з Богам.
2. Цярпенне. Памятай, што жыццё Хрыста не закончылася на крыжы. Ён надаў новы сэнс цярпенню. Крыж – гэта пэўны этап.
3. Абвяшчэнне Божага слова. Езус быў не толькі тэарэтыкам, а быў практыкам. Божае слова неабходна выконваць, а не проста быць слухачом.
На заканчэнне святар пажадаў айцу-прыміцыянту "быць веруючым святаром, які падтрымлівае асабістую сувязь з Богам, не ўцякаць ад цярпенняў і трываць на сваёй Кальварыі, каб дачакацца Велікоднай раніцы, абвяшчаць словам і прыкладам свайго жыцця Божае слова".
Поўны тэкст гаміліі можна праслухаць тут:
У працэсіі з дарамі да алтара гостыю і ваду з віном прынёс родны брат з сям’ёй.

Новапрэзбітэр у першую чаргу падзякаваў Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі за дар жыцця і паклікання, а таксама звярнуўся са словамі падзякі да сваёй маці, пробашча, братоў у супольнасці марыянаў і ўсіх глыбачан.
Пасля Эўхарыстыі а. Ілля ўдзяліў прыміцыйнае бласлаўленне сваім родным, святарам, сёстрам законным і ўсім прысутным.

Урачыстая святая Імша, прыміцыйнае бласлаўленне, пажаданні і віншаванні ад парафіян, суседзяў, былой настаўніцы і сяброў зрабілі гэты дзень адметным не толькі для а. Іллі Саўчанкі, але і для ўсіх парафіянаў касцёла Святой Тройцы.
Няхай супольная малітва вернікаў дадасць маладому святару Божай моцы і адвагі, няхай запальвае сэрцы верай у жывога Бога, няхай ён будзе сапраўдным пастырам і слугою Хрыста.

Сваё служэнне айцец Ілля Саўчанка МІС распачне з парафіі Святога Юзафа ў Оршы.
Марына Сінкевіч













































