Радасць прыміцыйнай Імшы кс. Антонія Тышко ў Глыбокім
- Падрабязнасці
- Апублікавана 04.05.2026 00:17
3 мая 2026 года парафія ў Глыбокім перажыла асаблівую духоўную ўрачыстасць. Учора ў Віцебску адбылося святарскае пасвячэнне кс. Антонія Тышко, а сёння новы святар упершыню ўзнёс Бяскроўную Ахвяру ў родных для яго сценах – у касцёле ў Глыбокім.
Гэтая падзея – не проста радасць для адной сям’і ці парафіі. Яна мае гістарычнае значэнне для ўсяго рэгіёну. Вось ужо чвэрць стагоддзя дыяцэзіяльная парафія ў Глыбокім чакала свайго «сына» на алтары. Апошнімі новымі святарамі з ліку дыяцэзіяльнага духавенства (г.зн. тых, хто служыць непасрэдна ў парафіях, а не ў манаскіх ордэнах), якія нарадзіліся і выраслі тут, сталі ў 2000 годзе кс. Аляксандр Барыла і кс. Сяргей Альхімёнак. Праз 17 гадоў, у 2017-м, глыбачанін Аляксандр Івашчонак атрымаў пасвячэнне ў ордэне айцоў тэатынцаў, а ў 2020-м – а. Ілля Саўчанка (марыянін). Сёння ж радасць асаблівая: кс. Антоній Тышко стаў першым за 26 гадоў дыяцэзіяльным новапрэзбітэрам, які цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў родным Глыбокім.
«Святар пачынаецца з блаславення маці»
Яшчэ да пачатку літургіі ў паветры вітала асаблівая ўрачыстасць. Сімвалічным момантам стала працэсія: да алтара новапрэзбітэра ў вянку ўводзілі дзяўчаты, паказваючы гэтым яго духоўнае «заручыны» з Касцёлам. Асабліва кранальным быў момант, калі кс. Антоній папрасіў благаславення ў сваёй маці. У гэтай прастаце хаваецца глыбокая пашана святарства да сваіх вытокаў – да сямейнага ачагу.

Першая Імша – за родных і духоўнага айца
Узначаліў Эўхарыстыю сам кс. Антоній. Разам маліліся не толькі святары з дэканату, а таксама шаноўныя госці: кс. канцлер Віктар Місевіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі кс. Кшыштаф Серока, кс. Павел Эйсмант і іншыя святары. Семінарысты, якія таксама імкнуцца да святарскага ідэалу, служылі падчас Літургіі.
Ахвяру сваёй першай Імшы новапрэзбітэр склаў за сваіх бацькоў – Алега і Галіну, за ўсіх родных, а таксама за духоўнага айца – пробашча Мікалая Ціхановіча. Гэты жэст паказвае, што сапраўднае святарства заўсёды сціплае: яно пачынаецца з падзякі тым, хто даў жыццё і веру.
Гамілію прамовіў кс. Алег Пятрашка.
Сімвалы служэння
Адметнай рысай прыміцыйнай Імшы стала працэсія з дарамі. Падчас адарацыі на алтар былі ўрачыста прынесены асноўныя сімвалы святарскага служэння: Біблія (Жывое Слова), стула (знак святарскай улады і паслухмянасці), віно і вада, а таксама гостыя (Хлеб Жыцця).
«Няхай Маці Божая вядзе цябе»
Пасля завяршэння літургіі не сціхалі віншаванні. Першымі словы падзякі і пажаданняў новаму святару выказала парафія. Кранальным момантам сталі словы ад класнага кіраўніка Алесі Лось.

Найвялікшым скарбам для вернікаў стала магчымасць атрымаць прыміцыйнае благаславенне ад кс. Антонія. У руках у парафіян з’явіліся прыміцыйныя абразкі – маленькія напамінкі аб гэтым спякотным дні. Здавалася, што абдымкам і падарункам не будзе канца. У гэты момант на твары новапрэзбітара была ўсмешка, а сэрцы ўсіх сабраных напаўняліся радасцю. Парафія ў Глыбокім нарэшце атрымала новага дыяцэзіяльнага святара.

Кс. Антоній, няхай святло Хрыста, якое Вы сёння нясеце, ніколі не пагасне!




























































