«Вучыцца ў Марыі пакоры, даверу і любові». У Глыбокім прайшоў штогадовы сход легіянераў

  • Друкаваць

acies 1816 мая у Глыбокім адбылася важная духоўная падзея – штогадовы сход легіянераў Марыі, вядомы як Ацыес Легіёну. Гэта ўрачыстае аднаўленне прысягі на вернасць Каралеве Легіёну, каб атрымаць ад Яе сілу і бласлаўленне на далейшае служэнне.

Сустрэча распачалася з малітвы на святым Ружанцы і іншых малітваў. Асабліва ўрачыстым момантам стала асабістае прысвячэнне Каралеве Легіёну, калі кожны ўдзельнік падыходзіў да штандара, ускладваў на яго руку і прамаўляў словы прысвячэння.

Святую Імшу цэлебраваў кс. Антоній Тышко. На пачатку святар цёпла прывітаў воінаў Марыі на Эўхарыстыі, падкрэсліўшы, што менавіта св. Імша з’яўляецца кульмінацыйным момантам сустрэчы. “Праз Марыю мы прыходзім да Хрыста, – нагадаў кс. Антоній. – Яна ёсць той, хто кожнага хоча прывесці да свайго Сына”.

Падчас гаміліі святар падзяліўся разважаннямі пра любоў Марыі да кожнага чалавека. Ён звярнуў увагу на дзве духоўнасці: марыйную і духоўнасць самой Марыі.

acies 11

“У Легіёна Марыі – духоўнасць марыйная. Вы з’яўляецеся тымі, хто Марыю ўшаноўвае. А духоўнасць Марыі – гэта Яе асабістыя перажыванні адносін з Богам. Наша марыйная духоўнасць павінна будавацца на Яе духоўнасці. Як Марыя ўсё перажывала, так і мы павінны ад Яе вучыцца”, – зазначыў кс. Антоній.

Каб лепш зразумець, чаму мы можам навучыцца ў Маці Божай, святар засяродзіў увагу на тых урыўках Святога Пісання, дзе ўспамінаецца пра Марыю. Прааналізаваўшы іх, кс. Антоній вывеў наступныя рысы, якім павінны дзеці вучыцца ў Найсвяцейшай Маці: пакоры, даверу Богу, гатоўнасці служэння іншым, сіле малітвы, стойкасці у выпрабаваннях, а таксама любові і суперажыванню.

acies 21

Сход “Ацыес” стаў не толькі магчымасцю аднавіць духоўны саюз з Марыяй, але і глыбокім урокам хрысціянскага жыцця. Прыклад Найсвяцейшай Панны – гэта жывая школа веры, у якой кожны легіянер і кожны вернік можа вучыцца штодзённаму існаванню з Богам.

Запрашаем далучацца да легіянераў! Сустрэчы і супольная малітва адбываюцца кожную нядзелю пасля Імшы Сумы (~14.20) у кляштары сясцёр (уваход са двара).

Няхай Маці Божая дапамагае ўсім сваім воінам быць вернымі да канца!