“Пане, Ты ўсё ведаеш. Ты ведаеш, што я люблю Цябе”: у Глыбокім урачыста адзначылі 25-годдзе святарства кс. Мікалая Ціхановіча
- Падрабязнасці
- Апублікавана 09.06.2026 11:18
7 чэрвеня 2026 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім сабраліся вернікі, каб падзякаваць Пану Богу за 25 гадоў святарскага служэння свайго пробашча — кс. Мікалая Ціхановіча.
Урачыстасць распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў юбіляр. У канцэлебры ўдзельнічалі кс. канонік Віктар Місевіч (які добра ведае кс. Мікалая яшчэ з семінарыйных часоў) і а. Аляксей Філіпенка. Атмасфера была напоўнена цяплом і сапраўднай сямейнай радасцю, бо глыбоцкая парафія даўно стала вялікай сям’ёй, а яе пробашч — любячым айцом.
Казанне праз прызму сяброўства і паклікання
Кс. Віктар Місевіч, узгадаўшы семінарыйныя гады юбіляра, падзяліўся ўспамінамі пра тое, як фарміравалася святарскае пакліканне кс. Мікалая. У яго словах гучала не толькі сяброўская цеплыня, але і глыбокая пашана да чалавека, які 25 гадоў нястомна служыць Богу і людзям.

Працэсія з дарамі: жывое сведчанне любові
Асаблівым момантам Імшы стала працэсія з дарамі. Вернікі неслі да алтара сімвалы, напоўненыя глыбокім сэнсам:
- Срэбныя лічбы «25» — знак зямнога юбілею і напамін пра нябеснае багацце. Яны лёгкія, як дыханне, бо 25 гадоў для любячага сэрца — гэта адно імгненне перад Богам, але і цвёрдыя, як вера.
- Кветкі — сімвал самой парафіі, дзе кожны чалавек, як розная кветка, складаецца ў адзіны прыгожы букет.
- Ружанец — духоўная зброя і знак асаблівай любові да Маці Божай, якая на працягу чвэрці стагоддзя трымала кс. Мікалая за руку.
- Віно і вада — сімвал яднання чалавечай прыроды з Боскай ласкай.
- Гостыя — святы Хлеб, які ў руках святара становіцца Целам Хрыста.
Словы ад сэрца і спеў з ружамі
Пасля Імшы старшыня парафіяльнай рады Ядвіга Саўчанка скіравала да кс. Мікалая цёплыя віншаванні ад усёй парафіяльнай супольнасці. Асабліва кранальным момантам стала падзяка маці святара — Марыі Уладзіміраўне, якую выказаў Міхаіл Бука.
Хор «Ave Maria» з ружамі ў руках выканаў віншавальны спеў, напоўніўшы касцёл незвычайнай прыгажосцю гукаў і святла.

Святочная частка: канцэрт, слёзы радасці і торт са свечкамі
Пасля малітоўнай часткі ўрачыстасць перанеслася ў Глыбоцкі раённы Дом культуры. Там юбіляра чакалі віншаванні ад дзяцей, моладзі, сясцёр і дарослых парафіян, відэавіншаванне, шматлікія музычныя нумары і, вядома ж, торт са свечкамі.
Як у Евангельскай прыпавесці, гаспадар запрашаў усіх на вяселле. І прыйшлі тыя, хто сапраўды захацеў быць разам, хто адчувае сябе часткай адной вялікай сям’і — глыбоцкай парафіі Святой Тройцы.



Гэты дзень яшчэ раз пацвердзіў: святарства — гэта не проста служэнне. Гэта жыццё, якое становіцца ежай выканання Божай волі, як сам Езус сказаў: «Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю Таго, хто паслаў Мяне, і завяршыць Яго справу» (Ян 4,34).
Кс. Мікалай Ціхановіч прайшоў гэты шлях з годнасцю, любоўю і пакорай. А яго парафія адказала яму тым жа — шчырай малітвай, цёплымі словамі і сапраўднай сямейнай атмасферай.











































