“Твой найлепшы маршрут – да Сэрца Маці”: 21-я пешая пілігрымка з Глыбокага ў Будслаў
- Падрабязнасці
- Апублікавана 07.07.2026 12:24
1 ліпеня каля касцёла Святой Тройцы ў Глыбокім было шматлюдна. Вернікі парафіі, а таксама госці амаль з усіх абласцей краіны сабраліся, каб разам вырушыць у дарогу да Маці Божай Будслаўскай. Так распачалася ўжо 21-я па ліку пешая пілігрымка, якая за тры дні з’яднала 205 пілігрымаў агульным імкненнем – дасягнуць сэрца Мамы.
Сярод тых, хто крочыў пад сцягамі, былі не толькі свецкія вернікі, але і іх душпастыры: кіраўнік пілігрымкі кс. Андрэй Януль, кс. Мікалай Ціхановіч, кс. Іван Кароткін з Лужкоў і а. Віктар Мялешка OFMConv з Удзела, а таксама семінарысты Станіслаў, Уладзіслаў і Андрэй. Духоўныя асобы сталі для ўдзельнікаў не толькі праваднікамі на шляху, але і жывымі прыкладамі самаадданага служэння.
Пілігрымка – гэта не проста пераадоленне кіламетраў. Гэта час, калі людзі аб’ядноўваюцца ў адну вялікую сям’ю, дзе кожны важны і кожны дапамагае як умее. Адны нясуць тубы і сцягі, іншыя рэгулююць рух на дарозе, трэція – спяваюць і граюць на музычных інструментах, падтрымліваючы настрой тых, хто стаміўся. Былі і тыя, хто браў на сябе цяжар чужых рэчаў, каб палегчыць крок таварышу. Але, мабыць, самае важнае служэнне – падзяліцца ўсмешкай ці добрым словам. У гэтай дарозе нават кароткі размова становіцца падтрымкай, а сумесная малітва – сапраўднай суцяшэннем.
Увечары першага дня, калі сонца схілялася да захаду, пілігрымы спыніліся ў касцёле ў Дзеркаўшчыне. Там адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту з малітвай праслаўлення. Гэтая гадзіна перад Хрыстом, які прысутнічае ў Эўхарыстыі, надала сіл і ўмацавала дух для наступных выпрабаванняў.
Другі дзень сустрэў пілігрымаў ранішняй прахалодай і асаблівым настроем. Калі першая ўзрушанасць сціхла, наступіла ўнутраная цішыня, якая дазваляе чуць сябе і суседзяў. Кожны крок набліжаў да Будслава, а кожная малітва – да Сэрца Маці.
Асаблівым сведчаннем веры стаў самы малодшы ўдзельнік гэтага доўгага шляху – маленькая Міхаліна Шаршунс (3 месяцы), якая разам са сваёй сям’ёй «крочыла» ўсе тры дні да Маці Божай Будслаўскай. Яе прыклад — жывы напамін, што пілігрымка не ведае ўзросту: калі сэрца поўнае даверу да Мамы, нават самыя маленькія ножкі здольныя пераадолець вялікую дарогу. Разам з бацькамі яна трывала дождж і спякоту, часам нават старалася дапамагаць сваім “агу-гу” у спевах, паказваючы нам усім, што вера перадаецца не толькі з пакалення ў пакаленне, але і ў кожным супольным кроку.
На начлег пілігрымы спыніліся ў Сітцах. І хаця ноч на падлозе ў школе – не самы камфортны варыянт, менавіта тут нараджаецца сапраўднае братэрства.
На працягу ўсяго шляху святары і айцы служылі святую Імшу, прамаўлялі казанні і спавядалі. А. Віктар Мялешка правёў канферэнцыю на тэму паслухмянасці, а кс. Андрэй Януль разважаў пра пакору. Гэтыя навучанні сталі глыбокім падмуркам, які дапамог лепш зразумець сэнс тэмы пілігрымкі.
І вось надышоў доўгачаканы трэці дзень. За плячыма – 60 кіламетраў. Пілігрымы ўвайшлі ў Будслаўскую святыню, дзе іх чакаў галоўны момант – яны кленчылі і ляжалі крыжам перад абразом Маці Божай. Кожны давяраў Маці свае сэрцы, прадстаўляў інтэнцыі, дзяліўся радасцямі і цяжкасцямі. У гэтыя хвіліны не было слоў – была толькі глыбокая цішыня, якая гаворыць больш за тысячы фраз. І кожны ведаў: Маці Божая прытуліць да свайго Сэрца і прывядзе да Сэрца Наймілейшага Сына.
Ноч у полі, раніца— і гэта наш асаблівы "гатэль" у Будславе. Намёты стаяць, а ў паветры — водар супольнасці. Раніца пачалася з… гімнастыкі! Працягнуліся, расцягнуліся, разагналі кроў — каб з новай сілай ісці па жыцці далей. Потым — сняданак, які здаецца найсмачнейшым у жыцці. Бо пасля начлегу ў намёце — нават просты бутэрброд гучыць як свята.
А самае нечаканае — міні-салон у намёце! Хтосьці заплёў "каласкі", хтосьці проста ўсміхнуўся сабе новаму. Потым была агульная малітва — калі сталі ў круг, заспявалі Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці НПМ і папрасілі Маці, каб правяла нас праз яшчэ адзін дзень. А калі дух ужо зусім узляцеў — дадалі крыху танцаў! Бо вера не сухая, яна жывая, яна ў рытме і ўсмешках.
21-я пешая пілігрымка з Глыбокага ў Будслаў яшчэ раз пацвердзіла: самы кароткі маршрут да міру ў сэрцы – гэта шлях да Маці. І няхай наступны год прынясе новыя крокі, новыя сустрэчы і новую ласку. А сёння мы дзякуем Богу і Маці за тры дні, якія назаўсёды застануцца ў памяці як час сапраўднага адзінства і веры.
#ГлыбокаеБудслаў2026
#MamaBudsLove























































