Біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамант канфірмацыі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 20.04.2026 12:00
У нядзелю, 19 красавіка, у нашай парафіі адбыўся сакрамант канфірмацыі. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў бежмаванне 71 кандыдату — моладзі, студэнтам і дарослым вернікам, якія з вялікай адказнасцю рыхтаваліся да гэтага дня. Падрыхтоўкай дарослых займаўся пробашч парафіі ксёндз канонік Мікалай Ціхановіч, катэхетка Алёна Шаршунс рыхтавала моладзь.
Святочная літургія распачалася прывітальным словам верніцы, якая ад імя ўсёй супольнасці выказала радасць і падзяку за прысутнасць біскупа і за магчымасць сумесна перажыць гэтую важную падзею ў жыцці Касцёла.
У сваёй гаміліі біскуп Алег паразважаў над дарамі Духа Святога, нагадаўшы, што кожны хрысціянін, напоўнены Духам Божым, атрымлівае сілу для сведчання, служэння і любові. Ён падкрэсліў, што канфірмацыя — не канец шляху, а новы этап сталасці веры, калі чалавек становіцца адказным за распаўсюджванне Евангелля ў сваім асяроддзі.
Пасля гаміліі наступіў доўгачаканы і кранальны момант — ускладанне рук і сам сакрамант канфірмацыі. Біскуп, памазваючы кожнага святым алеем, прамаўляў словы: «Прымі знак дару Духа Святога», а святыня напаўнялася малітвай і радасцю.
Наступным этапам літургіі стала прынашэнне дароў — сімвал падзякі і ўдзелу вернікаў у Эўхарыстыі. Спевы хору і малітоўнае адзінства ўсёй парафіі падкрэслілі ўрачыстасць гэтай хвіліны.
Завяршылася свята словамі падзякі біскупу і ўсім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы кандыдатаў, і ўрачыстым пастырскім бласлаўленнем. Вернікі сыходзілі з храма з радасцю і супакоем, несучы ў сэрцы абноўлены дух і рашучасць жыць па натхненні Духа Святога.
Вялікі фотарэпартаж па спасылцы >>

































