Пастырская сустрэча святароў прайшла ў Глыбокім
- Падрабязнасці
- Апублікавана 18.02.2026 10:50
17 лютага касцёл Святой Тройцы ў г. Глыбокае прымаў святароў, законных сясцёр і братоў з усёй Віцебскай дыяцэзіі, якія сабраліся на штомесячную сустрэчу з біскупам Алегам Буткевічам.
На самым пачатку вырашыўшы ў парафіяльным доме розныя справы з прадстаўнікамі курыі і выдавецтваў, духавенства накіравалася ў святыню на адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту ў цішыні.
Святую Імшу разам цэлебраваў пастыр дыяцэзіі ў інтэнцыі падзякі за дар паклікання да манаскага жыцця, бо зусім нядаўна, 2 лютага, адзначалі сусветны дзень кансэкраванага жыцця.
“Шчаслівы чалавек, які вытрывае ў выпрабаваннях” — гамілію іерарх прысвяціў тэме выпрабаванняў.
Пасля Імшы адбыліся канферэнцыі для святароў і сясцёр. Духоўны айцец дыяцэзіі айцец Аляксандр Жарнасек МІС ксяндзам разважаў пра асобу св. Францішка і наказ “Адбудуй мой Касцёл”, які святы атрымаў ад Хрыста.
Духоўны айцец сясцёр кс. Валерый Марціноўскі правёў з манахінямі аналіз на Пасланне Папы Льва да кансэкраваных асобаў на 2 лютага 2026 года. Разважалі пра тое, каб быць у свеце сведкамі Хрыста, а не саміх сябе.
Дырэктар Карытас Віцебск кс. канонік Віктар Місевіч заахвоціў святароў, каб вернікі Віцебскай дыяцэзіі ў перыяд Вялікага посту 2026 прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі на збор сродкаў на рэабілітацыю і пакупку электрычнага ложка для кс. Аляксандра Багдановіча, пробашча парафіі ў Плюсах, які перажыў інсульт.
На заканчэнне сустрэчы біскуп Алег і святары павіншавалі кансэкраваных асобаў і падарылі невялікія, але салодкія падарункі.






















