Біскуп Уладзімір Гуляй узначаліў адпустовую ўрачыстасць у Глыбокім
- Падрабязнасці
- Апублікавана 31.05.2026 23:08
31 мая наша парафія перажывала сапраўдны духоўны трыумф. Сёлетняя адпустовая ўрачыстасць сабрала шмат вернікаў, святароў з усяго дэканату і мела асаблівага госця – біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя. Гэты візіт стаў гістарычнай падзеяй: іерарх апошні раз наведваў Глыбокае ў 1999 годзе, калі ў мясцовай святыні адбывалася прыміцыя святой памяці ксяндза Дзмітрыя Барылы.
Урачыстасць распачалася ля брамы касцёла, дзе біскупа па традыцыі сустрэлі з хлебам і соллю. Гэты старажытны знак гасціннасці і пашаны стаў сімвалам сардэчнай радасці глыбачан.
Набажэнства ўзначаліў біскуп Уладзімір у канцэлебры з пробашчам кс. Мікалаем Ціхановічам, а таксама святарамі з суседніх парафій.
У прамове да вернікаў біскуп Гуляй падкрэсліў глыбокі сэнс урачыстасці Найсвяцейшай Тройцы: «Сённяшняя ўрачыстасць заахвочвае не толькі захапляцца таямніцай Бога, але дазволіць Яму змяняць наша жыццё». Іерарх заклікаў вернікаў адкрыць свае сэрцы на дзеянне Божай міласэрнасці і любові.
Пасля святой Імшы ўсе прысутныя – духавенства, сёстры законныя і шматлікія парафіяне – памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Тройцы. А затым, пад гукі касцельных званоў і спевы вернікаў, адбылася Эўхарыстычная працэсія па цэнтральнай плошчы горада. Гэтае сведчанне веры стала яркім момантам свята, калі глыбачане публічна праславілі Езуса Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакраманце.
Леанід Юрык, фота










