Маленькія глыбачане далучыліся да малітоўнай акцыі “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы”

ruzhanets 08У Мінскім Хрысціянскім Сацыяльным цэнтры 18 кастрычніка адбылася супольная малітва “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы”. Гэта сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”.

Упершыню такая ружанцовая малітва адбылася ў 2005 годзе ў Каракасе, сталіцы Венесуэлы. Падчас малітвы групы дзяцей у прыдарожнай каплічцы, прысутныя жанчыны, адчулі глыбокую блізкасць Панны Марыі. Ім адразу прыгадалася абяцанне айца Піа: “Калі мільён дзяцей разам памоляцца Ружанцам, свет зменіцца.”

З таго моманту да ініцыятывы далучыліся сотні тысяч дзяцей. У Беларусі такая ружанцовая малітва адбылася ўжо трэці раз. Сёлета ў свята святога Евангеліста Лукі, дзеці і іх бацькі разам са сваімі душпастырамі і законнымі сёстрамі аб’ядналіся ў супольнай малітве каб прасіць аб міры і супакоі ў сваіх дамах, сем’ях, краіне і ва ўсім свеце.

Праз сучасныя сродкі камунікацыі да дзяцей з Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра ў Мінску далучыліся дзеці з Бярозы, Глыбокага, Магілёва, Мінска.

Напачатку малітвы ўсіх удзельнікаў прывітала сястра Часлава Навіцкая, якая зазначыла, што ў наш час, як ніколі кожны чалавек адчувае патрэбу ружанцовай малітвы. Сястра Часлава падзякавала прысутным мітрапаліту Юзафу Станеўскаму, арцыбіскупу на пенсіі Тадэвушу Кандрусевічу і біскупу Юрыю Касабуцкаму за жаданне маліцца разам з наймалодшай паствай – дзецьмі Беларусі.

ruzhanets 06

Мінск маліўся першую балесную таямніцу. Другую таямніцу “Бічаванне Хрыста” праводзілі малодшыя парафіяне з Глыбокага разам з пастырам Віцебскай дыяцэзіі біскупам Алегам Буткевічам. Удзельнікі малітвы прасілі Маці Бічаванага Езуса, каб ніякія жыццёвыя цяжкасці не змаглі адлучыць нас ад любові Божай. У трэцяй таямніцы дзеці з Магілёва разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім засяродзіліся над тым, што Хрыстос пераносіў вялікія цярпенні, але не наракаў. У чацвертай таямніцы дзеці з Бярозы (Пінская дыяцэзія) разважалі над таямніцай адкуплення, якая споўнілася на дарозе крыжовай. Пятую таямніцу маліліся дзеці з Гродна разам з біскупам Аляксандрам Кашкевічам.

Такой была дзіцячая ружанцовая малітва: напоўненая шчырасцю, беспарэднасцю і бясконцай верай, што праз апеку Маці Божай, усе малітвы будуць выслуханыя. А гэта значыць, разам мы наблізімся да супакою ў нашых сэрцах, сем’ях, у нашай краіне і ва ўсім свеце.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота