Рух «Маці ў малітве»
- Падрабязнасці
- Апублікавана 27.08.2018 11:47
Рух «Маці ў малітве» распаўсюджаны ва ўсім свеце. Яго дэвіз — «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Мэта руху — усведамленне кожнай маці свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне дзіцяці Яго абароне.
Маці перш за ўсё павінна быць удзячная Богу Створцы за дар мацярынства. У гэтым сваім пакліканні і заданні маці не застаецца адна, бо яна — толькі часовы апякун душы свайго дзіцяці. Усе маці павінны ўсвядоміць, што Езус любіць іх дзяцей нават больш, чым яны самі, што Ён жадае абараніць іх і хоча, каб яны ўзрасталі ў Ім. Пан Бог умешваецца толькі тады, калі Яго просяць аб гэтым, і таму чакае мацярынскага заступніцтва за дзяцей. Молячыся за сваё дзіця, маці павінна паспрабаваць зразумець, чаго хоча для яе дзіцяці Бог, і маліцца аб здзяйсненні Божай, а не сваёй уласнай волі адносна дзіцяці. Гэта вельмі цяжкая малітва, бо кожнай маці напачатку здаецца, што толькі яна ведае, у чым мае патрэбу яе дзіця.
У Евангеллі паводле святога Яна Езус гаворыць, што жанчына, калі народзіць дзіця, не памятае пра гора, бо нарадзіўся чалавек на свет (пар. Ян 16, 21). Кожнай жанчыне, якая становіцца маці, Бог дае гэтую вялікую, ні з чым не параўнальную радасць — радасць мацярынства. Ён хоча, каб усе маці былі шчаслівымі, каб ведалі, што нават калі ў жыццё прыходзяць праблемы, якія здаюцца абсалютна безнадзейнымі, то надзея ўсё ж ёсць, бо для Бога няма нічога немагчымага (пар. Мц 19, 26). Пан просіць усіх маці давяраць Яму.
Езус жадае, каб кожная маці прыйшла да Яго і малілася так: «Пане, вось мае дзеці. Ты любіш іх яшчэ больш, чым я. Ты можаш змяніць тое, што не ў маіх сілах змяніць. Таму я аддаю іх у Тваю апеку і радуюся, бо я давяраю Табе». Часам мы адчуваем радасць не таму, што абставіны змяніліся, а таму, што змянілася нашае стаўленне да іх, бо мы ўбачылі іх па-іншаму, як быццам Божымі вачыма. І мы ведаем, што калі будзе такая воля Пана Бога, усё можа змяніцца.
Поўнасцю давяраючы Богу, кожная маці павінна ўсведамляць таксама і сваю адказнасць. Абавязкі і адказнасць маці відавочныя: трэба любіць сваіх дзяцей, клапаціцца пра іх, выхоўваць, карміць і апранаць, а таксама яшчэ шмат чаго іншага. Але ўсведамленне мацярынскай адказнасці павінна быць яшчэ больш глыбокім. Гэта адказнасць перад Богам.
Многія жанчыны працягваюць хвалявацца за сваіх дарослых дзяцей і ўсё яшчэ адчуваюць сваю адказнасць за іх паводзіны. Аднак адзіная адказнасць маці за яе дарослае дзіця заключаецца ў тым, каб быць з ім тады, калі яна яму неабходная, каб любіць яго, даваць яму парады і маліцца за яго. Маці павінна даць свайму дзіцяці свабоду, хоць часам для яе гэта вельмі цяжка. Тады трэба ўзгадаць словы псальма: «Ускладзі клопат свой на Пана, і Ён цябе падтрымае» (Пс 55 [54], 23), — даверыцца Богу і сказаць Яму: «Мы нічога не можам зрабіць; толькі Ты, Пане, усё можаш».
Святы Пётр, асцерагаючы хрысціянаў ад шматлікіх небяспекаў гэтага свету, пісаў: «Праціўнік ваш, д’ябал, як леў, кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці» (1 П 5, 8). Таму неабходна, асабліва ў наш вельмі неспакойны час, прасіць у Бога абароны. Маці павінны прасіць Пана Бога, каб Ён абараніў іх дзяцей ад зла, якое існуе навокал, бо менавіта маці найлепш вядомая яго знішчальная моц. Па меры таго, як сама маці набліжаецца да Бога, сатана будзе з усё большай сілай імкнуцца перашкодзіць ёй і таму ў першую чаргу скіруе свае напады супраць яе дзіцяці. Вось чаму гэтая малітва такая важная. Будзем жа штодзённа маліцца, просячы ў Бога абароны для нашых дзяцей!
Маці часам лічыць, што яна мае ўсе адказы для свайго дзіцяці; яна думае, што ведае яго жыццёвыя патрэбы і — у пэўнай ступені — мае рацыю. Але наколькі лепш за маці ўсе патрэбы дзіцяці ведае наш Нябесны Айцец! Таму вельмі важна прасіць Яго, каб Ён асвячаў сэрцы і думкі маці. Просячы Бога аб асвячэнні, маці пацвярджае сваю залежнасць ад Яго. Яна гаворыць: «Пане, мне цяжка, я прашу Цябе, дапамажы мне!». Менавіта такі дзіцячы давер да Яго з’яўляецца благаслаўлёным. «Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго» (Лк 11, 13).
Езус вучыць нас не судзіць адзін аднаго, але часам у малітву маці ўсё ж такі можа закрасціся асуджэнне: «Пане, я прашу Цябе, каб яны больш не былі такімі кепскімі...». Усе хрысціянскія маці павінны навучыцца бачыць у сваіх дзецях самога Езуса. Калі сын ці дачка трапілі ў дрэнную кампанію, прызвычаіліся да алкаголю ці наркотыкаў або сутыкнуліся з якімі-небудзь іншымі цяжкасцямі, яны пачынаюць адчуваць сябе вельмі дрэннымі людзьмі і пакутуюць ад гэтага, але не могуць знайсці ў сабе сілы, каб выправіцца. Разам з тым усе дзеці падсвядома хочуць, каб бацькі ўспрымалі, а не адкідалі іх. Таму бацькі, і перш за ўсё маці, не могуць прычыняць свайму дзіцяці падвойнага болю — болю ад самой праблемы і болю ад таго, што дзіця застаецца без бацькоўскай спагады.
Пан Бог просіць нас быць добрымі, любячымі, Ён вучыць бачыць Яго ў кожным чалавеку. Калі маці сапраўды бачыць Езуса ў сваім дзіцяці, то, што б з ім ні здарылася, яна заўсёды будзе ставіцца да яго з любоўю і павагай. Дзіцяці, якое трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю, тым больш патрэбныя павага і любоў, а таксама ўпэўненасць, што маці заўсёды на ягоным баку. Таму абавязак усіх маці прасіць аб дабрыні і любові да сваіх дзяцей. «Калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае» (Мц 18, 5).
Малітва маці
Пане, дай мне Твае вочы, каб я магла бачыць Цябе ў маіх дзецях, дай мне Тваё сэрца, каб любіць іх, і Тваю пяшчоту, каб дапамагаць ім расці. Дай мне Тваю мудрасць, каб накіроўваць іх, і Тваю моц, калі трэба даць ім свабоду. Амэн.
Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
З гісторыі
Міжнародны малітоўны рух “Маці ў малітве” (“Mothers Prayers”) узнік у Англіі у 1995г. Яго заснавальніцы – дзве жанчыны-каталічкі з Велікабрытаніі, Вераніка і Сандра. Яны адчулі асаблівую патрэбу маліцца за сваіх дзяцей і ўнукаў, бо ніякім іншым чынам не маглі дапамагчы сваім родным, якія жывуць ў неспакойным свеце. Праз малітву жанчыны зразумелі, што Езус заклікае ўсіх маці даверыць сваіх дзяцей Яго апецы. У хуткім часе Вераніка Уільямз саставіла і выдала буклет абавязковых малітваў. У цяперашні час суполкі “Маці ў малітве” дзейнічаюць больш чым у 100 краінах, а буклет перакладзены і выдадзены на 25 мовах. Першыя малітоўныя групы “Маці ў малітве” на Беларусі з’явіліся ў лютым 2001 года. Зараз гэтыя групы існуюць ва ўсіх дыяцэзіях нашай краіны. Кардынатар руху ”Маці ў малітве” у Беларусі – Людміла Губіна.
Як уступіць у рух “Маці ў малітве”?
Існуе мацярынства не толькі фізічнае, але і духоўнае. Яно аб’ядноўвае жанчын, нават калі яны не маюць дзяцей. Таму ў групу “Маці ў малітве” можа ўступіць кожная жанчына!
Жанчыны збіраюцца на супольную малітву кожны чацвер пасля вячэрняй св. Імшы (у вясенне-асенні перыяд у касцеле, зімой - у парафіяльным доме).
Кантактныя дадзеныя для тых жанчын, якія жадаюць уступіць у рух “Маці ў малітве”: +37529 815-95-97 - Ядвіга Саўчанка.
2018 год: Сустрэча матуль у Камаях
Свой першы дзень нараджэння адзначыў рух "Маці ў малітве"
2019 год: Дыяцэзіяльная сустрэча руху “Маці ў малітве” прайшла ў Глыбокім
2022 год: Глыбоцкая супольнасць "Маці ў малітве" адзначыла свой першы юбілей