У Глыбокім жыве сям'я валанцёраў

szpak“Если доброта, как солнце, светит,
Радуются взрослые и дети…”

 

Радкі з вядомай песенькі савецкіх часоў як нельга падыходзяць да стылю і ўкладу сям’і Віктара і Карыны Шпакоў. Яны – валанцёры.

 

 

Пра незвычайную сям’ю, якая вольны час прысвячае, прычым добраахвотна, місіі дабрыні і міласэрнасці расказала дырэктар прыходскага “Карытас” Інна Вайцяховіч падчас адной з дабрачынных акцый, а потым і пазнаёміла з самай юнай валанцёркай – чатырохгадовай Янай Шпак. Маленькая Яна заўсёды суправаджае маму і тату ў падобных мерапрыемствах, а ўлетку бацькі ўжо бралі з сабою і маленькую Дзіяну (ёй пакуль толькі споўніўся годзік – аўт.). Па словах мамы, Яна, нягледзячы на ўзрост, – валанцёр з двухгадовым стажам:


–Дзяўчынка – таварыская. Да ўсіх яна адносіцца аднолькава, нават калі ці дарослы, ці дзіця з якімі-небудзь недахопамі. Для Яны няма розніцы: з усімі размаўляе, гуляе, а кпіць і смяяцца не будзе нізавошта.


Займацца валанцёрскай дзейнасцю сям’я Шпак пачала пасля пераезду з Браслава ў Глыбокае.


– Муж Віктар працаваў у браслаўскім МНС, але па скарачэнні пасады пераводам быў накіраваны ў Глыбокае, – расказвае пра жыццёвыя дарогі-пуцявіны Карына. – Праўду кажучы, гэты горад муж сам выбраў з некалькіх прапанаваных варыянтаў. Я ж знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіця, і на пераезд згадзілася без роздуму: Глыбокае прыглянулася. Напачатку дом здымалі, потым, як зразумелі, што на новым месцы жыхарства нам падабаецца і глыбачане нас прынялі цёпла, купілі свой.


Першыя крокі валанцёрскай дзейнасці таксама зрабілі ў Глыбокім. Як аказалася, у якасці часовага жылля ксёндз (менавіта да яго Сям’я Шпак звярнулася па дапамогу. – аўт.) прапанаваў адзін варыянт – пажылая пара, якая не мела ўласных дзяцей, пагадзілася іх прыняць.


–З таго часу не забываемся наведацца да іх, з падарункамі, шчырымі размовамі, і дзеці рады сустрэчы – з цеплынёй у голасе, быццам пра родных, сваякоў, расказвае Карына. – На жаль, нядаўна дзядулю пахавалі, таму стараемся бываць часцей у бабулі, ратуем яе ад адзіноты. Для такой ўзроставай катэгорыі галоўнае што? Увага і магчымасць пагаварыць, падзяліцца думкамі.


А як толькі маладая сям’я выпадкова пазнаёмілася з Іннай Вайцяховіч, якая на працягу некалькіх гадоў ўзначальвае прыходскі “Карытас” і аб’ядноўвае актыўных, ініцыятыўных і гатовых прыйсці на дапамогу кожнаму людзей, то адразу стала актыўна займацца валанцёрскай дзейнасцю.


–Рашэнне быць валанцёрамі з мужам прынялі разам, – працягвае свой аповед Карына. – Канешне, арганізоўвае ўсё Іна, а мы падхопліваем: сустракаемся з пажылымі людзьмі, з інвалідамі, з дзецьмі-сіртамі не толькі на мерапрыемствах, але і на даму. Я пакуль у сацыяльным адпачынку – даглядаю дзіця, а таму і часу маю больш. Напрыклад, улетку група дзяцей ад касцёла ездзіла на адпачынак у Польшчу – дапамагала афармляць дакументы для выезду за мяжу, бо свабодная ад працы і мабільная – сама ваджу машыну. Не атрымліваецца па часе ў мяне – муж падмяняе.


Думаю, што многія маладыя мамы не пагадзяцца з нашай гераіняй, маўляў, спраў хапае сваіх, а тут – чужыя.


У Карыны наконт гэтага іншая думка:


–Валанцёрская дзейнасць для мяне – як акно ў свет. Я радуюся, як дзіця, кожнай магчымасці быць з людзьмі, і гэта ніколечкі мяне не напружвае. З нецярпеннем чакаю мерапрыемствы і кожны раз з адчуваннем, быццам бы мне рыхтуюць свята, бо бо там заўсёды побач радуюцца і малыя, і старыя...

 


Алена Хайноўская, "Веснік Глыбоччыны"

Фота з архіву парафіяльнага Карытас