Каляднае спатканне для адзінокіх людзей

IMG 9433Перыяд Божага Нараджэння – цудоўны час, калі мы дорым адзін аднаму радасць, любоў і ўсмешкі. Менавіта такая атмасфера панавала 29 снежня на каляднай сустрэчы, якая гуртавала ў адзіную сям’ю людзей старэйшага ўзросту з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім.

Цеплынёй, дабрынёй і спагадай вылучаліся словы, позіркі і ўсмешкі прысутных святароў пробашча Мечыслава Янчышына, айца Вячаслава Пялінка і сястры Тэрэзы – настаяцельніцы сясцёр францішканак Сям’і Марыі. Хтосьці сказаў мудрыя словы, што самотны той, хто сам не шукае іншых людзей. У дзень Святой Сям’і сэрцы пажылых парафіянаў адчувалі ўсю шчырасць і бязмежнасць як Божай, так і чалавечай любові і міласэрнасці. Спачатку ў касцёле адбылася святая Імша, а пасля яе - сапраўднае вялікае сямейнае свята, дзе за сталамі з гарачай гарбатай і салодкімі прысмакамі пасля вітання кожнага з усімі прысутнымі дзяліліся аплаткам, лучыліся ў супольнай малітве, спявалі калядкі. Гучала музыка, народныя песні, у забаўляльнай праграме былі жартоўныя гульні, вясёлыя скокі. Завіталі да нас і традыцыйныя народныя персанажы калядоўшчыкаў – “цыганы” з “мядзведзем”. Час праляцеў неўпрыкметку.
Шчырая ўдзячнасць арганізатарам гэтага цудоўнага мерапрыемства! Няхай добры Божа дае сілы, беражэ і дапамагае ўсім, хто ахвяруе свой час іншым людзям.

 


Генавэфа Бартко, тэкст

Марына Сінкевіч, фота