Айцец Станіслаў развітаўся з нашай парафіяй
- Падрабязнасці
- Апублікавана 14.02.2014 22:55
14 лютага адбылася развітальная Імша з айцом Станіславам. Пасля амаль 3 гадоў працы ў нашай парафіі Найсвяцейшай Тройцы, ён накіроўваецца на новае месца служэння - у Віцебск, і пакідае свой добры след у Глыбокім.
На пачатку Літургіі айцец Станіслаў выказаў словы падзякі ўсёй парафіі.Таксама падкрэсліў, што Глыбокае стала для яго "родным кутом", тым месцам, дзе цябе кахаюць і заўсёды чакаюць. Імша праходзіла ў звычайным парадку, узначаліў літургію сам айцец, а упрыгожыў усю падзею парафіяльны хор "Аve Maria". Напрыканцы літургіі да айца Станіслава звярнуліся вернікі і святары. Пробашч Мечыслаў падзякаваў айцу за руплівую працу і пажадаў далейшых поспехаў на Божай ніве, каб дзейнасць была напоўнена дарамі Духа Святога. Словы падзякі, віншаванні і пажаданні скіравалі моладзь, Легіён Марыі і прадстаўнікі ўсёй парафіяльнай супольнасці. Асабліва дзякавалі айцу за яго навуку, заўседы цудоўную і дасканалую, таксама за яго адкрытасць, усмешку і дабрыню.
Парафіяне Святой Тройцы заўседы будуць чакаць айца Станіслава і абяцаюць памятаць пра яго ў малітве.
Марыя Гінько, тэкст
Карына Канапелька, фота