Крыжовы шлях у Глыбокім: “Любіць без страху і межаў”
- Падрабязнасці
- Апублікавана 12.04.2014 00:55
«Мой Крыж: мой боль, мой сорам, мае пакуты, цярпенні…
Усе гэта маё, як мой крыж»
Пятніца, 11 красавіка, для вернікаў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім была асаблівай не толькі таму, што гэта час духоўнай адновы, час паяднання з Богам у сакраманце паяднання альбо час глыбокіх рэкалекцыйных навук.
Гэты вечар стаў асаблівым, дзякуючы перажытаму Крыжоваму шляху, які падрыхтавала моладзь пад кіраўніцтвам кс.Вячаслава Пялінка. «Бачыш слёзы на вачах іншага? Вось яны мае слёзы. Бачыш боль на твары чалавека? Гэта Мой Твар. Дакраніся да Майго Твару…» Менавіта такія словы гучалі падчас Дарогі Мукі Пана, а ў шматлікіх вернікаў на вачах можна было ўбачыць сапраўдныя слёзы. Кожны прысутны меў магчымасць убачыць і перажыць самыя цяжкія моманты жыцця Езуса, гледзячы на ўсе ўласнымі вачыма. Але самым кранальным было тое, што кожная стацыя адлюстроўвала наша штодзённае жыццё. «Жанчыны і маці! Пачуйце мой голас, што падобны да крыку нямога…Ніколі не падайце духам і не губляйце веру ў Бога. Любіце! Цярпіце і плачце! І ахінайце родных малітвай, як Я свайго Сына пад Крыжам сабою» - словы, якія проста не маглі не закрануць сэрца…
Больш глыбокаму перажыванню дапамагалі спевы музычнай групы разам з кс. Вячаславам.
Напэўна гэты Крыжовы шлях не застанецца ў памяці парафіян толькі як вельмі прыгожае і эмацыянальнае прадстаўленне, але дапаможа больш глыбока перажыць Пасхальную Таямніцу, Таямніцу нашай веры і збаўлення.
«Любіць без страху і межаў, без хлусні і без фальшу… Езу, навучы нас любіць!»
Марына Брылёнак