“Езус і самаранка” у Глыбокім

pamjatnikДля Глыбокага 23 красавіка стаў вельмі асаблівым днём. Ён застанецца надоўга ў памяці не толькі саміх жыхароў горада, але і ў гісторыі гэтай зямлі. Менавіта ў гэты сонечны дзень адбылося адкрыццё і асвячэнне помніка “Езус і самаранка” на Саборным пляцы побач фантана. Таксама гэта месца адзначаецца тым, што насупраць адно аднаго ўзвышаюцца каталіцкая і праваслаўная святыні.

Рашэнне аб устаноўцы помніка на біблійны тэмат было прынята Глыбоцкім раённым выканаўчым камітэтам з нагоды 600-годдзя горада. Ідэя належыць скульптару Долгаву Вячаславу Карпавічу, а ажыццявілі ідэю ў жыццё Сталяр Мікалай Уладзіміравіч і Парахневіч Яраслаў Уладзіміравіч.

У разуменні аўтара скульптура “Езус і самаранка” з’яўляецца сімвалам духоўнасці, простага чалавечага слова, супакою паміж народамі… Вада – гэта сімвал праўды, ісціны, вечнасці, якія ўзвышаюць свядомасць чалавецтва.

Адкрыццё здзейсніў старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Алег Віктаравіч Морхат. Падчас прамовы да прысутных, ён заўважыў, што гэты помнік павінен нагадваць кожнаму аб узаемнай пашане і любові.

Таксама на ўрачыстым адкрыцці прысутнічала духавенства, як каталіцкае так і праваслаўнае. Прадстаўнікі канфесій таксама звярнуліся да сабраных людзей са словамі, якія ў той момант напаўнялі іх сэрцы.

Айцец Міхаіл, благачынны Глыбоцкай акругі праваслаўных, падзяліўся сваёй радасцю з гэтай падзеі, бо з’явіўся помнік не нейкім ідалам, а духоўнасці. Заўважыў, што шматлікія будуць цікавіцца гэтай скульптурай і гэта будзе іх духоўна ўзбагачаць.

У сваю чаргу ад імя каталікоў Глыбоччыны прамовіў кс. пралат Мечыслаў Янчышын. Ён зазначыў, што вада з’яўляецца сімвалам жыцця, сімвалам вечнасці да якой кожны павінен імкнуцца. Таксама сказаў, што трэба заўсёды быць адчыненым на Бога, як самаранка. І дадаў, што кожны павінен шукаць крыніцы сапраўднай праўды і святасці. Пасля прамоўленых слоў і супольнай малітвы “Ойча наш” святар асвяціў скульптуру.

На заканчэнне Глыбоцкі камерны хор ГДК выканаў некалькі спеваў на рэлігійную і патрыятычную тэматыку.

Марына Брылёнак, тэкст
Марына Сінкевіч, фота