Вучыся бачыць сэрцам!
- Падрабязнасці
- Апублікавана 13.06.2014 23:26
13 чэрвеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін святога Антонія Падуанскага. Святы Антоній запомніўся не толькі як цудоўны святар, прапаведнік і багаслоў, але і як вялікі цудатворца. Госпад здзяйсняў праз яго шматлікія цуды, каб паказаць Сваю ўсемагутнасць, славу і міласэрнасць нават грэшнікам і дапамагчы ім знайсці шлях да Бога. Не было чалавека, які пасля сустрэчы з Антоніем сумняваўся б у яго святасці. Таму нядзіўна, што ён быў аб’яўлены святым Папай Рыгорам ІХ ужо ў 1232 г. – на наступны год пасля сваёй смерці. У ХІІІ ст. вернікі сталі звяртацца ў малітвах да Антонія як да цудатворцы і памочніка ў пошуку духоўных каштоўнасцей.
Таму менавіта 13 чэрвеня ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбылася чарговая падзея па праграме адновы парафіі “Адкрытасць на дабро ў другім чалавеку”, якая праходзіла пад дэвізам “Вучыся бачыць сэрцам!” У лісце да парафіянаў заахвочвалі вернікаў, каб на лістку, размешчаным дома на бачным месцы, напісалі добрыя якасці, якія заўважылі ў блізкіх, тым самым адкрываючыся на дабро ў іншых людзях. У казанні падчас святой Імшы ксёндз Мечыслаў Янчышын падкрэсліў як важна ўмець заўважаць і цаніць добрыя рысы ў іншых людзях, асабліва ў самых блізкіх. Бо часта мы вельмі позна, толькі пасля страты блізкага чалавека, заўважаем наколькі добрым і дарагім для нас ён быў. Святар заахвоціў усіх удзельнікаў святой Імшы маліцца праз заступніцтва святога Антонія, каб знайсці чалавеку чалавека, каб наследваць цноты шанаванага нябеснага апекуна. Напрыканцы святой Імшы быў асвечаны “хлеб святога Антонія”, які атрымалі ўсе прысутныя ў касцёле, каб потым дома падзяліцца ім з роднымі і блізкімі людзьмі.
Алена Пажога, тэкст
Марына Сінкевіч, фота