Біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам нашай парафіі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 16.06.2014 00:14
Вялікая радасць і хваляванне панавалі ўжо ад самай раніцы 15 чэрвеня ў парафіі святой Тройцы ў Глыбокім. Гэты день быў асаблівым не толькі таму, што кожны вернік перажываў адпустовую ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў сваёй святыні, але вялікай асаблівасцю і перажываннем дзень быў напоўнены дзякуючы прыезду Пастыра Віцебскай дыяцэзіі - Біскупа Алега Буткевіча, які ўдзяліў сакрамэнт Канфірмацыі 120 вернікам рознага ўзросту.
Кожны прысутны ў святыні з нецярпеннем чакаў хвіліны, калі з’явіцца доўгачаканы госць. І гэта было вельмі заўважальна са слоў прывітання саміх прадстаўнікоў парафіі. Вельмі прыгожай і нетыповай асаблівасцю была песня ў выкананні глыбоцкага хору "Ave Maria", якая стала вынікам супольнай працы дзвюх глыбачанак - Алены Пажогі і Ганны Шакола - на прывітанне Пастыра, які ўпершыню завітаў у парафію.
На пачатку свята пробашч Мечыслаў Янчышын прывітаў сардэчна Пастыра, а таксама ўсіх гасцей, якія прыбылі на ўрачыстасць. Сам Біскуп прызнаўся, што з вялікім хваляваннем прыбыў у Глыбоцкую парафію. Бо ён, як малады ардынарый, яшчэ шмат пазнае, а поўная святыня вернікаў вельмі яго ўзрушвае. Як сказаў Яго Эксцэленцыя: “На гэтай прыгожай зямлі інакш і быць не можа.”
На ўрачыстасці прысутнічалі старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, а таксама прадстаўнікі мясцовых прадпрыемстваў. Усе супольна маліліся аб супакоі ва ўсёй краіне, а асабліва за родны горад Глыбокае і ўсіх яго жыхароў.
Гамілію прамовіў сам Біскуп Алег. Ён заклікаў вернікаў углядацца ў еднасць Святой Тройцы, у Божую еднасць. Бо менавіта яе не хапае сучаснаму асяроддзю, сучаснай сям’і.
Калі надышоў хвалюючы момант удзялення Канфірмацыі, кандыдаты да сакраманту выказалі сваю гатоўнасць а таксама вызналі веру, сапраўднымі сведкамі якой павінны быць. Падыходзячы да кожнага па чарзе з усмешкай, Біскуп удзяляў сакрамант.
На заканчэнне Эўхарыстыі традыцыйна прайшла працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Вельмі ўражвала колькасць прысутных, гэта было вельмі бачна, асабліва калі людзі ішлі ў працэсіі.
Урачыстасць скончылася асаблівым жэстам: Біскуп Алег разам з хлопцам і дзяўчынай выпусцілі трох белых галубоў на знак супакою ў Глыбокім.
Марына Брылёнак, тэкст
Марына Сінкевіч, фота