Сімвалы Сусветных дзён моладзі завіталі ў Глыбокае

relikwii SDMДля вернікаў глыбоцкай парафіі Святой Тройцы вечар 6 ліпеня быў асаблівым і хвалюючым таму што ўсе з нецярпеннем чакалі на прыезд сімвалаў Сусветнага дня моладзі — крыжа і абраза Маці Божай Salus Populi Romani. На сходах каля святыні святары і мноства вернікаў сустракалі рэліквіі.

Малітоўнае чуванне трывала праз усю ноч. Святыя Імшы, нешпары, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Святы Ружанец, адарацыя крыжа, спевы, малітва Тэзэ і інш. - усё гэта спрыяла больш глыбокаму перажыванню той каштоўнасці, якую змагла пабачыць і ўшанаваць Глыбоцкая парафія. Апоўначы святую Імшу-пастэрку ўзначаліў Віцебскі біскуп Алег Буткевіч.

На заканчэнне Эўхарыстыі ўсе прысутныя ў касцёле запалілі свечкі і знічы і выйшлі на вуліцы начнога горада, каб прайсці працэсіяй святла за крыжом і абразом Маці Божай.

На працягу ўсёй ночы касцёл быў адчынены і ў ім трывалі вернікі на малітве, якія нягледзячы на глыбокую ноч, прыйшлі каб ушанаваць рэліквіі.

На наступны дзень пасля ўрачыстай Літургіі на развітанне з крыжом і абразом Маці Божай, сімвалы Сусветных дзён моладзі накіраваліся ў Браслаўскі санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў.


Марына Ткач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота