Глыбоцкія пілігрымы наведалі каталіцкія храмы Астравеччыны
- Падрабязнасці
- Апублікавана 29.09.2014 09:58
У суботу, 27 верасня, для глыбоцкіх вернікаў адбылася аўтобусная пілігрымка ў Гудагай. Сабраліся ў дарогу 90 чалавек разам са святарамі Віктарам Місевічам і Андрэем Куліком. Раніцай крапіў дожджык, але потым надвор’е палепшыла і выглянула сонейка.
Першае месца, у якім мы пабывалі, гэта вёска Нарач. Лёс касцёла быў вельмі цяжкі. На пямятнай дошцы касцёла чытаем, што першая святыня была драўлянай. У 1651 годзе князі Свірскія ўводзяць новы будынак касцёла святога Андрэя, аднак яго знішчылі падчас “нашэсця Масквы” ў вайну 1654-1667гг. У 1897 годзе закладваюцца падмуркі новай каменнай святыні ў неагатычным стылі, якая ў 1901 г. была асвечана. Але ўсё не было добра, у пасляваенны перыяд храм быў зачынены. Дзякуючы сваёй стойкасці ў веры, парафіяне здолелі захаваць дом Божы ад знішчэння.
Наступнае месца, дзе мы былі, гэта Канстанцінава. Парафія існуе з 1793 года. Мясцовы святар распавёў гісторыю касцёла і прапанаваў узяць паштоўкі.
Потым была святыня ў в. Міхалішкі. Там касцёл пабудаваны ў 1653-1662 гг., а кансэкраваны ў 1700 годзе.
Касцёл у Варнянах быў надта падобны на нашу глыбоцкую святыню. Святар сустрэў з радасцю пілігрымаў і распавёў гісторыю храма.
Наступны прыпынак нашага падарожжа быў у Гервятах. Гэта сапраўдны цуд! Касцёл вельмі цудоўны і выглядае як замак. Усіх пілігрымаў уразіла гэта месца. Унутры ён таксама прыгожы. На фоне гэтага цудоўнага месца шматлікія пілігрымы рабілі фотаздымкі.
Далей нас чакаў Астравец, каб пабачыць яшчэ адзін цуд Гродзеншчыны. Касцёл святых Космы і Дам’яна быў пабудаваны ў 1458 г., а сённяшні касцёл пабудаваны ў 1787 годзе. Смачны абед у мясцовым кафэ і апошнія кіламетры да Марыйнага санктуарыя ў Гудагаі.
Гісторыя гудайскай парафіі звязана з абразом Маці Божай. У адной з легендаў гаворыцца, што ў мясцовых ваколіцах у старажытнай Ашмянскай пушчы жыў пустэльнік, які ў аддаленасці ад людзей паглыбляўся ў малітву і практыкі пакаяння, а таксама даваў парады і аказваў духоўную дапамогу людзям, якія да яго ахвотна прыходзілі. Непадалёку праходзіў шлях, што яднаў Захад і Усход. У той час ездзілі па ім шматлікія купцы, якіх вельмі часта рабавалі злодзеі. Аднойчы на купецкі караван напалі рабаўнікі,а ў месцы, дзе гэта адбылося, засталося шмат каштоўных рэчаў. Сярод іх магла быць і ікона Маці Божай, якую потым прынеслі пустэльніку, а ён змясціў яе ў сваім доме.
Падчас св. Імшы глыбоцкія вернікі маліліся за сваіх родных, блізкіх, а таксама за памерлых. Пасля Літургіі можна было набыць памятныя сувеніры, за якімі ўтварылася доўгая чарга. На вуліцы мясцовы святар паведаміў гісторыю парафіі. У свядомасці людзей назва мясцовасці таксама звязана з абразом: найперш яна паведамляе, што цудоўны абраз знаходзіўся ў будане ў гаі, таму гэта месца называлі Будагае, аж пакуль не ўзнікла сучасная назва Гудагай.
Адна жанчына нам паведаміла: “Я не разумею людзей, якія едуць за мяжу, каб нешта пабачыць. У нас у Беларусі існуе шмат прыгожых мясцін”. Я поўнасцю згодная з меркаваннем гэтай парафіянкі.
Мэту свайго падарожжа дасягнулі і з вялікімі ўражаннямі пілігрымы вярнуліся дадому.
Маргарыта Юрык, тэкст
Марына Сінкевіч, фота