Малітва за ўсіх памерлых вернікаў і св.Імша адбыліся 2 лістапада на могілках у Харашках

2listapada2 лістапада ў Касцёле адзначаецца ўспамін усіх памерлых вернікаў. У гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.

На могілках у Харашках сабралася вялікая колькасць людзей. Маленькая каплічка нават не здолела змясціць усіх прысутных, якія прыйшлі на св. Імшу, каб разам маліцца за сваіх родных, знаёмых памерлых.

Падчас гаміліі кс. Вячаслаў Пялінак заклікаў прасіць памерлых аб малітве за жывых: "Як часта мы не паспяваем выказаць пры жыцці словы ўдзячнасці ці прабачэння. Памятайце, у Бога няма часу, таму, калі родны чалавек ужо памёр, усё роўна кажыце яму гэтыя словы, звяртайцеся да яго душы і прасіце малітвы. Мы, жывыя, можам маліцца і за жывых і за памерлых, але тыя, хто пакінуў гэты свет, могуць маліцца толькі за нас".