Пілігрымка ў Вострую Браму

vilnius15-16 лістапада адбылася пілігрымка парафіянаў з Глыбокага ў Вострую Браму, што знаходзіцца ў Вільні. Мінавіта 16 лістапада Касцел адзначае ўрачыстасць Маці Божай Міласэрнасці. Таму галоўнай мэтай пілігрымкі быў канешне ўдзел у св. Імшы з нагоды гэтай урачыстасці.

Галоўным арганізатарам гэтай пілігрымкі быў ксендз пробашч Мечыслаў. Група, якая складалася з 54 чалавек вырушыла а 7 гадзіне раніцы ў кірунку Вільні. Па дарозе, едучы ў аўтобусе, удзельнікі гэтага цудоўнага падарожжа даведаліся многа цікавых рэчаў, а мінавіта гісторыю паўстання Вялікага Княства Літоўскага, сталіцай якога была Вільня. Ксендз Вячаслаў Пялінак быў галоўным гідам гэтай пілігрымкі і дзякуючы яму пілігрымы маглі праводзіць свой час не сумуючы.

Вялікае Княства Літоўскае сваімі каранямі дасягае 13 стагоддзя. Мінавіта ў 1253 годзе быў каранаваны першы кароль Вялікага Княства Літоўскага вялікі князь Міндоўг. На працягу дзесяцігоддзяў Вялікае Княства пашырала сваю тэрыторыю. 1410 год, Бітва пад Грунвальдам – з’яўляецца часам наібольшага пашырэння межаў Вялікага Княства Літоўскага.

Каб зазірнуць у 15 стагоддзе, паглядзець як у той час жылі каралі Вялікага Княства Літоўскага пілігрымы накіравалі свае крокі ў горад Трокі, які знаходзіцца ў 27 км. на захад ад Вільні. У гэтым горадзе знаходзіцца цудоўны замак, які пабудаваны на востраве ў возеры Гальвэ. Па летапіснай легендзе, вялікі князь літоўскі Гедымін пасля паспяховага палявання выявіў выдатнае месца, вырашыў узвесці на ім замак і перанесці сюды сталіцу. Троцкі замак быў пабудаваны ў 1409 годзе. Мінавіта з гэтага мейсца ў 1410 годзе вырушыла войска на Вялікую вайну, бітву пад Грунвальдам.

З горада Трокі пілігрымы накіраваліся ў Вільню. Гэта цудоўны горад, з цудоўнай, шматвекавой гісторыей. Сучасная Вільня падзелена на 2 часткі: Стары Горад і Сучасны Новы цэнтр горада. Вільнюскі Стары Горад —з'яўляецца адным з найбольшых у Еўропе (3,6 км²). З прычыны яго ўнікальнасці, Стары Горад быў унесены ў Спіс Спадчыны ЮНЕСКА ў 1994 г.

Вечарам пілігрымы выйшлі наведаць касцёлы, якія знаходзяцца ў старой частцы горада. Першай, канешне, была Вострая Брама, дзе і знаходзіцца цудоўны абраз Маці Божай Міласэрнасці. Пасля кароткай малітвы перад Марыяй і прыгожага спеву, які ўсе разам выканалі, крокі пілігрымаў накіраваліся да касцёла св. Тэрэсы. Потым пайшлі каб пабачыць грэка-каталіцкую Царкву Святой Тройцы і базыльянскі манастыр. Мінавіта ў гэтым манастыры з 1604 па 1617 гг. жыў і працаваў св. Язафат Кунцэвіч, апякун Віцебскай дыяцэзіі. Мінавіта тут, у гэтым мейсцы, ён быў прызначаны біскупам Віцебскім. Потым пілігрымы наведвалі і іншыя касцелы, сярод іх: касцёл св. Духа, касцёл св. Казіміра, базіліку св. Станіслава, касцёлы св. Ганны і св. Францішка. Усяго Вільня налічвае 43 святыні. Канешне наведаць усе, на жаль, не атрымалася, але святасць і прыгажосць гэтых святых мейсцаў дакранулася да сэрцаў усіх удзельнікаў пілігрымкі.

У нядзелю 16 лістапада, а 13 гадзіне адбылася св. Імша на польскай мове пры адчыненым акне ў Вострай Браме. Усе вернікі, якія прыехалі, каб памаліцца да Маці Божай, затрымаліся тут жа на дарозе і такім чынам маглі без перашкоды бачыць лагодны позірк Маці Божай, якая з лёгкай усмешкай пазірала на сваіх дзяцей. Гэта былі людзі, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі, Расіі, Літвы. Сярод іх быу і Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прамовіў гамілію падчас св. Імшы. Усе тут, каля гэтага святога мейсца, былі роўныя. Не было лепшых ані горшых. Маці Божая чакала ўсіх, каб кожнага прытуліць да свайго сэрца.


с. Людміла Рубніковіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота