Калядная сустрэча ў "Бэтэль-Карытас"

betel aplatakУжо прайшло колькі дзён, а маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія з'яўляюцца членамі клуба "Бэтэль-Карытас", што створаны пры парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, жывуць пад уражаннем перадкаляднай сустрэчы.

У лютым наступнага года клуб адзначыць круглую дату: 10 год з дня заснавання. За гэты час ён запісаў на свой рахунак багата цікавых мерапрыемстваў, сустрэч, знаёмстваў, паездак. Ёсць ужо і некалькі добрых традыцый, якія замацаваліся за гэтыя гады. Адна з іх - пасля Свята Божага Нараджэння збірацца разам за святочным сталом, каб падзяліцца аплаткай. Сёлетняя сустрэча была ўжо дзевятай па ліку. Да яе рыхтаваліся, яе з нецярпеннем чакалі, бо гэта была не звычайная рабочая сустрэча, а вельмі ўрачыстая. Упрыгожаная зала, па-святочнаму накрыты стол, усмешкі на вуснах прысутных і бляск іх вачэй - усе гаварыла аб тым, што ў гэты час мае адбыцца штосьці вельмі важнае.

На сустрэчу завіталі  пробашч парафіі ксёндз Мечыслаў Янчышын і сястра Людміла Рубніковіч. Сустрэчу вяла кіраўнік клуба, яна ж і дырэктар парафіяльнага "Карытас", Іна Вайцяховіч. На пачатку ўсе прысутныя падзяліліся аплаткай, жадаючы адзін аднаму Божых ласкаў, здароўя, аптымізму, а затым дружна спявалі Калядкі, дзякавалі Пану Богу за пражыты год, чыталі вершы... У цёплай сяброўскай абстаноўцы ніхто не сумаваў. Усім было ўтульна і камфортна.

Сустрэча атрымалася сардэчнай і запамінальнай, дзякуючы аптымізму і вялікай любові да жыцця людзей, якія маюць абмежаваныя магчымасці. І, вядома ж, не без дапамогі парафіяльнага і ДКТ "Карытас" Віцебскай дыяцэзіі.


Рэгіна Марцынкевіч