Уражанні росіцкага пілігрыма…
- Падрабязнасці
- Апублікавана 23.02.2015 12:35
21 лютага 2015 года ад Глыбоцкага касцёла ад'язджаў аўтобус у Росіцу. Там я была некалькі разоў, але на гэтую ўрачыстасць ехала ўпершыню. Разам з намі ехаў кс. Вячаслаў Пялінак. Па дарозе, як заўсёды, мы маліліся, а пасля малітвы святар распавёў нам пра гісторыю Росіцы і святароў, якія да апошняга моманту былі разам з людзьмі.
Калі ксёндз расказваў пра дзяўчынку, якая сваімі вачыма бачыла трагедыю (яе пасля вывезлі ў Германію), слёзы стаялі ў нас у вачах, а сэрцы заходзіліся ад жалю. Дзякуючы святарам, якія засталіся са сваёй паствай да апошняга, людзям не так было страшна і жудасна. Гэта маё такое ўяўленне.
У Росіцы, як і заўсёды, усіх нас сустрэў мудры і добры айцец Чэслаў Курэчка. Ні аднаго чалавека ён не прапусціць каб не прывітацца. Яму не трэба пытацца: «Як мы маемся?», а хопіць толькі зазірнуць нам у вочы і адразу ўсе зразумее.
Прыемнай нечаканасцю для ўсіх вернікаў быў прыезд падчас Святой Імшы ў якасці пілігрыма Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці. Яго зварот да прысутных вернікаў крануў сваёй прастатой, дабрынёй і духоўнасцю.
Была Імша, а пасля адбылася працэсія на Пляц мучаніцтва… Гэта вельмі цяжкая дарога, колькі б разоў па ёй не ішлі… Кожны з нас разумее, што гэта быў апошні шлях жанчын і мужчын, дзяцей і старых, юнакоў і дзяўчат. А ў галаве думкі – яны больш не ўбачылі ні сонца, ні неба, ні кветак… Бацькі не трымалі больш сваіх дзетак на руках, бабулі і дзядулі не цешыліся ўнукамі, хлопцы і дзяўчынкі не спазналі першае юнацкае каханне… Гэта вельмі страшна!
Калі мы прыйшлі з запаленымі свечкамі ў руках на месца, дзе цяпер усталяваны вялікі крыж, мяне ўразіла адна карціна і я не змагла стрымаць слёз. Два святары – апякун Росіцкага санктуарыя і Апостальскі Нунцый – першымі падышлі да крыжа. Мне ж на момант уявіліся святары Антоні і Юрый. Слёзы выступілі на вачах, а ў галаве праляцела думка “Дзякуй Богу, што ў нас няма вайны!”
Пасля кожны прысутны мог падысці да крыжа, каб ушанаваць і памаліцца. Увесь час, колькі адбывалася працэсія, на небе ззяла сонейка.
Дзякуй Богу за ўсё! Цёплыя словы хочацца выказаць а. Чэславу за цеплыню, дабрыню, смачны абед, яго прысутнасць і любоў. Я ведаю, што яго любімыя кветкі – цюльпаны. І таму здаецца, што распусціўшыся ўвесну, яны напамінаюць кропелькі крыві людзей, якія загінулі і пра якіх заўсёды будуць памятаць і маліцца.
Таксама вялікі дзякуй выказваем кс. Вячаславу, дзякуючы якому час у дарозе прайшоў хутка, карысна і пазнавальна. Дзякуй Богу, што ў нашай Глыбоцкай парафіі ёсць такі святар!
Галіна Апановіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота