Біскуп Алег нечакана завітаў у Глыбоцкую парафію
- Падрабязнасці
- Апублікавана 01.03.2015 21:31
Нечаканай, але вельмі радаснай падзеяй для шматлікіх парафіян, якія прыйшлі ў нядзелю ў святыню, стала прысутнасць біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча на Святой Імшы. На пачатку Імшы-сумы кс. Вячаслаў прывітаў біскупа Алега і зазначыў, што «мы не ведалі аб прыездзе, не рыхтавалі слоў прывітання і кветак, але менавіта сёння Вы можаце ўбачыць нашу сапраўдную штодзённую парафію. Такія, якія мы ёсць, сапраўдныя».
Падчас гаміліі да прысутных звярнуўся Віцебскі біскуп, якія нагадаў галоўнае заданне і абавязак кожнага чалавека.
"Паслухмянасць Божаму слову, спаўненне Божай волі - гэта заданне чалавека ад самага пачатку яго стварэння, заданне, якое ўскладнілася з хвіліны грэхападзення Адама і Евы. Бо з хвіліны, калі чалавек быў "з'едзены" злым духам, вось гэтае Божае слова, праз якое ён быў створаны і ў якім крыецца сэнс існавання чалавека, яго шчасце на зямлі і вечнае, гэтая мэта і гэтае заданне сталася для нас вельмі складаным.
Вось прыклад з Абрагамам. Галоўнай думкай было выпрабаваць наколькі чалавек здольны пайсці за гэтым Словам Божым. Паабяцаць вывесці вялікае патомства, дачакацца ў старасці сына, а пасля знішчыць доўгачаканае дзіця - гэта абсурд. Але абсурд можа быць толькі ў людскім меркаванні, няма абсурду ў тым, што кажа Бог. Бачым, што Абрагам прайшоў праз гэтае выпрабаванне, да апошняга моманту застаўся верным, да канца неразумеючы чаго хоча Бог.
Гэты прыклад стаў правобразам ахвяры Езуса Хрыста. Аддаючы Сваё жыццё на крыжы, Ён выконваў волю Свайго Айца.
Але Бог нам не дае ў жыцці аж такога вялікага выпрабавання. Мы ніколі не ведаем, што нас чакае ў жыцці, але абавязкам нашым застаецца ў кожнай хвіліне спаўненне Божай волі. А нашай праблемай у выкананні абавязку з'яўляецца тое, што мы не заўсёды патрафім кіраваць самім сабой.
Чаму цяжка паслухацца Божай волі? Мы шукаем яе, але цалкам не давяраем. Даходзім да поўнага моманту, і пасля затрымліваемся, пачынаецца штосьці асабістае, куды Бога часам не пускаем. Гэтую кропку ў нашым жыцці ставіць наша грахоўная сапсаванасць.
Парадокс: Хрыста распялі веруючыя людзі, не атэісты, а людзі, якія шчыра верылі Богу, але да пэўнага моманту. Вось чаму сёння Касцёл нам вельмі важна нагадвае слухаць Божую волю, ісці з гэтым словам да самага канца, так як Абрагам. Зачыніўшы вочы, цалкам даверыўшыся Божай волі, бо Ён ведае, што там ёсць наш паратунак, вырашэнне нашых жыццёвых праблем.
Таму Касцёл кожны раз нагадвае наш абавязак - шукаць і спаўняць Божую волю. Таму няхай час Вялікага посту, дапаможа нам навучыцца панаваць над сабой са сваімі эмоцыямі, сваімі дрэннымі схільнасцямі.”
Пасля св. Імшы кожны ахвотны мог падысці да біскупа Алега і паразмаўляць.