Валанцёры “Карытас” павіншавалі з Пасхай хворых, якія знаходзяцца ў шпіталях
- Падрабязнасці
- Апублікавана 10.04.2015 11:30
У нядзелю, 5 красавіка, ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста, валанцёры парафіяльнага “Карытас” разам з сёстрамі Францішканкамі Сям’і Марыі Вандай і Людмілай наведалі хворых людзей, якія знаходзяцца ў псіхіятрычным дыспансеры ў вёсцы Петрунова Глыбоцкага раёна. Валанцёры прывязлі с сабой асвечаныя яйкі, кулічы, якія глыбоцкія парафіяне асвяцілі ў Вялікую Суботу і ахвяравалі з гэтай мэтай.
Дабразычлівасць і адкрытасць персанала, які там працуе, а таксама дабразычлівасць хворых людзей узрушыла ўсіх валанцёраў. Хворыя з зацікаўленасцю і ўвагай слухалі пажаданні, якія да іх былі скіраваныя, а нават, часам, на іх тварах з’яўляліся слёзы. Потым кожны атрымліваў асвечанае яйка і ўсе разам, як адна вялікая сям’я яны вымаўлялі словы: “Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!”
Пасля наведвання псіхіятрычнага дыспансэра валанцёры і законныя сёстры накіраваліся ў Глыбоцкую цэнтральную раённую бальніцу, каб і там падзяліцца Велікоднай радасцю. Да групы валанцёраў далучыўся таксама ксёндз пробашч Мечыслаў Янчышын. Усіх хворых валанцёры віншавалі са святам, складалі пажаданні, дзяліліся асвечаным яйкам, а самыя маленькія пацыенты атрымлівалі цукеркі. Таксама са святам Пасхі валанцёры павіншавалі і маладых мам, якія толькі што нарадзілі сваіх дзетак, альбо чакаюць на гэту цудоўную падзею.
Езус Хрыстус перамог смерць і грэх, таму нічога не трэба баяцца. Ён нас любіць і чакае ў Валадарстве Айца Свайго нябеснага. Менавіта гэта праўда, дзякуючы валанцёрам, трапіла ў сэрца кожнага чалавека, якога яны наведалі.
с. Людміла Рубніковіч, тэкст
Валанцёры, фота