Мы з вамі не развітваемся, а кажам "Да пабачэння!"

razvitanne5213 мая 2015 года стаў балючым днём для парафіян глыбоцкага касцёла. Гэты дзень стаў апошнім у святарскім служэнні ў нашай парафіі кс. Вячаслава Пялінка і кс. Славаміра Самковіча.

 

Як паведамілі самі святары, з нядзелі 17 мая яны павінны ўжо быць на новых месцах служэння. З такой вялікай парафіі, як наша і якая патрабуе святарскіх рук і навукі, гэтых святароў накіравалі на вельмі маленькія вясковыя парафіі.

Парафіяльная святыня ў гэты будні вечар была перапоўнена. Падчас св. Імшы ў многіх вернікаў можна было заўважыць слёзы на вачах. Пасля Літургіі словы падзякі і падтрымкі скіравалі многія вернікі, для якіх кс. Вячаслаў і кс. Славамір сталі настаўнікамі і спаведнікамі, сябрамі і братамі. Тут слёзы не змаглі стрымаць амаль усе прысутныя. Плакалі ўсе: дзеці, моладзь, міністранты, людзі сярэдняга і сталага ўзросту.

Да прысутных парафіян словы развітання скіраваў кс. Славамір Самковіч: "Усе вы ведаеце "што, як і чаму". Было цяжка і нам, але на гэтым і скончылася. Дзякуй вам усім! Вы - парафія, вы - гэты касцёл! Не аддавайце яго ніколі, нікому і нізашто! Дзякуй!"