Вялікдзень разам з «Betel-Caritas»

ALIM3192У жыцці кожнага хрысціяніна Вялікдзень - свята асабліва ўшанаванае, бо з’яўляецца сімвалам перамогі жыцця над смерцю, святла над цемрай, дабрыні над злом, веры над безнадзейнасцю.

 

Ва ўсім каталіцкім свеце абвяшчаюць гэтую вялікую радасць. Вось і ў нашай парафіі ўжо другі дзень можна пачуць словы “Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!” 1 красавіка, менавіта з гэтых слоў, пачалося мерапрыемства для групы людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Betel-Caritas» і іх бацькоў. На гэтае спатканне былі запрошаны прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з удзельнікамі аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў. Таксама завіталі павіншаваць кс. Мечыслаў Янчышын і с. Тэрэза Папко, настаяцельніца кляштара Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі - традыцыйныя госці ўсіх святаў.


Спатканне праходзіла ў сяброўскай атмасферы. За святочным сталом, які падрыхтавалі парафіяльны Карытас і ўдзельнікі мерапрыемства, са словамі віншавання да ўсіх прысутных звярнуўся кс. Мечыслаў і нагадаў: “Бог нас усіх любіць і заўсёды ёсць паміж намі. Трэба памятаць, што ўсе мы – адна сям’я.”

 

Ад імя прысутных людзей з абмежаванымі магчымасцямі з віншаваннямі звярнулася Жанна Краснадубская: “Паважаныя ксёндз Мечыслаў і сястра Тэрэза! У светлае свята Вялікадня віншую вас і ўсіх вернікаў! Жадаю здароўя, духоўнай энергіі, паважаць і любіць, дапамагаць хворым, акружаць цяплом. Быць бліжэй да родных і да веры, дарыць святло і радасць. Супакою і дабрыні ў працы вам усім!”