"Самая доўгая дарога - ад галавы да сэрца": велікапосныя рэкалекцыі ў нашай парафіі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 18.03.2018 19:43
З 16 па 18 сакавіка 2018 года ў нашай парафіі адбыўся час падрыхтоўкі і духоўных разважанняў. Велікапосныя рэкалекцыі праводзіў кс. Віктар Ханько, пробашч парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах (Гродзенская дыяцэзія).
Тры дні глыбокіх навук, насычаных уласнымі перажываннямі і досведам рэкалекцыяніста, яскравыя прыклады - сведчанні з жыцця іншых людзей, разважанні стацый Крыжовай дарогі - ўсё гэта паспрыяла дасканалай і свядомай падрыхтоўцы шматлікіх парафіян да велікодных святаў. Чэргі да канфесіяналаў, вялікая колькасць святароў і арганізаванасць вернікаў, каб не адкладваць споведзь на апошні момант у Вялікім тыдні, шматлюднасць на ўсіх святых Імшах з рэкалекцыйнымі навукамі - добры паказчык свядомасці ўдзелу нашых людзей у гэтым часе навяртання і яднання з Богам.
У суботу кс. Віктар таксама адмыслова правёў асобныя тэматычныя сустрэчы для жанчын і мужчын, а ў нядзелю самых маленькіх парафіян пазнаёміў з малітвай пяці пальцаў Папы Францішка.
Шчыра дзякуем кс. Віктару за правядзенне рэкалекцый і сакрамант споведзі. Няхай Бог бласлаўляе ў далейшым святарскім служэнні!































