8 снежня наша парафія прысвяціла сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 09.12.2021 16:01
8 снежня – ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, нашай Нябеснай Маці. Каталіцкі Касцел мае асаблівы прывілей ушаноўваць Найсвяцейшую Панну Марыю ў гэту ўрачыстасць. Так Божы Провід вёў прыгожа, што да гэтай праўды Касцёл дарастаў, дарастаў духоўна, хаця свядомасць Божага народу была заўсёды вельмі глыбока з’яднаная з пабожнасцю Марыі.
Падчас гаміліі пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч асаблівым чынам запрашаў паразважаць, як гэта быць "дзіцём Марыі" і заклікаў не саромецца называць сябе дзіцём Марыі, аддавацца Ёй пад апеку кожны дзень, асабліва ў такія моманты, калі адчуваеш, што вакол цябе цемра, і тады адчуеш як прыйдзе супакой і свет, бо Яна разам з намі.
Пасля гаміліі пробашч запрасіў прысутных вернікаў у гэты святочны дзень падзякаваць Марыі за тое, што Яна на працягу апошніх трох гадоў была разам з намі асаблівым чынам. “Я ведаю, якія цяжкасці мы перажылі падчас рамонту, але ўпэўнены ў адным, што дзякуючы Марыі, мы ў свой час яго скончылі. Таму сёння, наша Мамачка, мы хочам Табе падзякаваць не толькі за рамонт, але за тое, што Ты апякуешся Глыбоцкай парафіяй на працягу гісторыі. Таму прымі Марыя ад нас гэтыя скромныя кветкі, няхай яны радуюць Тваё Беззаганнае Сэрца”.
Кс. Мікалай разам з міністрантамі накіраваліся ў капліцу да абраза Маці Божай, дзе быў пастаўлены кошык белых руж, а потым святар прысвяціў парафію Беззаганнаму Сэрцу Марыі:
“Найчысцейшая, Беззаганна Зачатая, нашая Нябесная Мама! Сёння наша Глыбоцкая парафія асаблівым чынам прысвячае сябе Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Ад імя ўсёй парафіі, як пробашч, я прысвячаю кожнага з нас, прысутнага ў храме, усе нашыя сем’і, кожнага, хто фармальна і не толькі належыць да нашай супольнай парафіяльнай сям’і. Мы жывём у асаблівыя часы, калі сатана атакуе Касцёл і душы людскія. Таму мы аддаёмся пад Тваю апеку, Марыя, і прысвячаем сябе Табе, каб Ты кіравала нашым жыццём, нашымі сэрцамі. Каб Ты дапамагала нам змагацца з сатаною, каб мы не былі падманутыя ім. Прымі гэтыя кветкі, як дар нашай удзячнасці за Тваю дапамогу не толькі ў матэрыяльным рамонце нашага храму. Няхай Божы храм і Божае Валадарства ў нашых душах будуюцца пад Тваёй апекай. Усе мы тут прысутныя, і ўсе нашыя сем’і Табе давяраем.
Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная. О Панi наша, Апякунка наша, Суцяшальнiца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам сваiм нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай."
Пасля св. Імшы ў капліцы Маці Божай Падхорнай Глыбоцкай дзве парафіянкі прысвяцілі сябе Езусу праз Марыю, зачытаўшы і падпісаўшы акт прысвячэння Езусу праз Марыю па методыцы святога Людвіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора.