Пілігрымка першакамунійных дзяцей у Будслаў
- Падрабязнасці
- Апублікавана 05.06.2023 21:21
3 чэрвеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася малітоўная сустрэча з удзелам першакамунійных дзяцей, якая завяршыла Вялікую навэнну падрыхтоўкі да святкавання юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза.
У першую суботу чэрвеня ў Будславе сабраліся сотні дзяцей у прыгожых белых строях, якія сёлета ўпершыню прынялі святую Камунію, разам з бацькамі, катэхетамі і душпастырамі. У сустрэчы ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Да Маці Божай Будслаўскай прыбылі маленькія пілігрымы з розных парафій з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, былі і маленькія глыбоцкія вернікі разам з бацькамі і сястрой Людмілай.
Біскуп Станеўскі прывітаў сабраных на зялёнай зоне каля базылікі і разам з дзецьмі праславіў Бога за ласку сустрэчы супольным спевам: «Гэта ёсць дзень, які даў нам Пан».
Потым на спецыяльна падрыхтаваную на адкрытым паветры сцэну, якую ўласнымі рукамі сабраў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік, падняліся дзеці і моладзь з салезіянскага араторыя са Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) на чале са сваімі аніматарамі, і ў невялікай тэатралізаванай пастаноўцы прадставілі сваім аднагодкам больш як пяцісотгадовую гісторыю цудадзейнага абраза Маці Божай і Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
Апоўдні ў будслаўскай базыліцы распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Буткевіч і два дзясяткі святароў: як дыяцэзіяльных, так і з манаскіх супольнасцяў. На пачатку Імшы арцыбіскуп нагадаў пра тое, што на пачатку чэрвеня адзначаўся Дзень абароны дзяцей, і з гэтай нагоды ён маліўся ў інтэнцыі ўсіх маленькіх вернікаў, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію.
Звяртаючыся да прысутных у касцёле дзяцей, якія нядаўна скончылі навучальны год у школе, арцыпастыр запрасіў іх «у школу Марыі», каб вучыліся ў Яе ўсё жыццё захоўваць вернасць Хрысту, паглыбляць сваю веру і быць сапраўднымі хрысціянамі.
Пасля Імшы частка пілігрымаў засталася ў касцёле, дзе маліліся Фацімскі Ружанец, а дзяцей арганізатары накармілі цёплым абедам. Людзі дзяліліся адно з адным прывезенымі з сабой прысмакамі, і, умацаваныя духоўна, падсілкаваліся таксама фізічна.
Пасля абеду дзяцей запрасілі на забаўляльную праграму, якой не перашкодзіла нават зменлівае надвор’е, хоць у пэўны момант сыпануў такі дождж, што ўдзельнікі паспяшаліся ў базыліку, і там, у доме Марыі, знайшлі прытулак ад непагадзі.
Гэта было даволі сімвалічна, бо стала ўрокам, што ад кожнай нягоды можна знайсці прытулак пад матчыным плашчом Багародзіцы.
Падобна, што заключны дзень Вялікай навэнны сабраў у Будславе найбольшую колькасць удзельнікаў: толькі дзяцей было больш за сем соцень.
Паводле catholic.by











