Удзел і перамогі нашых парафіян у літаратурна-мастацкім конкурсе “неВЯДОМЫ ЗАСТУПНІК”

vicebsk konkurs 5Што можа сучасны чалавек сказаць пра асобу, якая жыла 400 год таму назад? Што можа распавесці пра  таго, хто трагічна закончыў жыццё на нашай віцебскай зямлі... Адказы на гэтыя пытанні прагучалі ў літаратурных творах і малюнках удзельнікаў конкурсу “неВЯДОМЫ ЗАСТУПНІК”, які прысвечаны 400-годдзю мучаніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча, паведамляе catholicnews.by.

38 малюнкаў было даслана з розных куткоў нашай дыяцэзіі і з Мінска -  сталіцы Беларусі. Працы вельмі цікавыя, выкананыя ў розных тэхніках. Найстарэйшы ўдзельнік у катэгорыі "Малюнак" мае 64 гады, а наймалодшы  - 7 гадоў. З нашай парафіі былі дасланыя два мастацкія творы - ад Ганны Внучкінай і Аркадзія Рабкоўскага.

Літаратурных твораў было менш, але журы мела больш клопату з вылучэннем найлепшых прац на прызавыя месцы. Сярод самых малодшых - Сцяпан Серабро (Віцебск, парафія  святой Барбары) – напісаў твор “Сабака Святога Язафата”, а браты Артур і Аркадзь Рабкоўскія з Глыбокага падрыхтавалі біяграфію святога з ілюстрацыяй. Яны атрымалі дыпломы першай ступені. Журы выказалася так, што “творы настолькі прыгожыя і розныя, што нельга не дацаніць і не даць першыя месцы”.

Сярод дарослых, якія прадставілі свае творы першае месца прызнана без сумніву Сяргею Раюнцу з Мінска за яго цудоўны твор - песню “Пахвала Святому Язафату”. Другое месца заняла Яна Барысевіч з Глыбокага.

“Для мяне было зусім нечакана заняць прызавое месца ў конкурсе. І адначасова вельмі радасна. Калі вучылася ў школе, то ў падручніках па гісторыі, на жаль, было даволі суб’ектыўнае стаўленне да асобы святога Язафата Кунцэвіча. І я доўгі час пад гэтым уплывам думала негатыўна пра святога Язафата. Аднак даведаўшыся, што гэта толькі адзін пункт гледжання на дзейнасць святога, змяніла сваё меркаванне. Менавіта гэта я і адлюстравала ў сваім апавяданні. Таксама, як настаўніцу, мяне цікавяць каштоўнасці, зносіны, маўленне сучасных падлеткаў, таму яны і з’яўляюцца галоўнымі героямі твора,” - падзялілася сваімі думкамі Яна Барысевіч.