Глыбоцкі касцёл прызначаны юбілейнай святыняй у межах святкавання 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 13.11.2023 21:54
Падчас сустрэчы святароў і кансэкраваных асоб 13 лістапада біскуп Алег Буткевіч аб’явіў аб прызначэнні пяці юбілейных святыняў з нагоды ўрачыстых юбілейных святкаванняў 25-годдзя ад заснавання Віцебскай дыяцэзіі, якія праходзяць у Беларусі з 12 лістапада 2023 г. па 1 снежня 2024 г. Сярод іх і наш глыбоцкі касцёл.
Гэтымі святынямі сталі:
- Катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску,
- касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе – дыяцэзіяльны Санктуарый Маці Божай Браслаўскай,
- касцёл святога Андрэя Баболі ў Полацку,
- касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім,
- касцёл святога Антонія Падуанскага ў Паставах.
Пастыр дыяцэзіі ўручыў пробашчам касцёлаў адпаведныя памятныя дошкі, якія павінны быць размешчаны на бачным месцы, каб кожны хто ўваходзіць у храм ведаў, што на бліжэйшы год гэтая святыня мае асаблівы прывілей.
Апостальская Пэнітэнцыярыя на моцы нададзеных ёй паўнамоцтваў Папам Францішкам з нагоды юбілейнага году ў дыяцэзіі надае ПОЎНЫ АДПУСТ усім вернікам любога абраду, якія сапраўды пакаюцца і выканаюць учынкі міласэрнасці. Поўны адпуст вернікі могуць атрымаць адзін раз на дзень (кожны дзень) для саміх сябе, а таксама могуць ахвяраваць яго за душы вернікаў, што знаходзяцца ў чыстцы.
Для атрымання поўнага адпусту неабходна выканаць наступныя ўмовы:
- прыступіць да сакраманту споведзі альбо быць у стане асвячальнай ласкі і не мець прывязанасці да граху, нават лёгкага;
- прыняць Святую Камунію;
- памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца малітвамі Ойча наш, Вітай, Марыя, Апостальскі Сімвал Веры;
- наведаць з пілігрымкай юбілейныя касцёлы ў Віцебскай дыяцэзіі і там пабожна ўзяць удзел у юбілейных урачыстасцях, ці прынамсі правесці там адпаведны час у малітве або пабожных разважаннях, якія завершацца Малітвай Панскай (Ойча наш), Сімвалам Веры і заклікамі да Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Супакою і святога апекуна Язафата Кунцэвіча.
Пажылыя, нямоглыя, вязні і ўсе, хто па сур’ёзных прычынах не можа выйсці з дому, змогуць атрымаць поўны адпуст, не маючы ніякай прывязанасці да граху, маючы намер выправіцца як мага хутчэй, выканаць тры звычайныя згаданыя вышэй умовы, і духоўна далучыцца да юбілейных святкаванняў, ахвяруючы міласэрнаму Богу ўласны боль ці нязручнасці жыцця.