Мужчыны з ружанцам у руках. Фармацыйная сустрэча прайшла ў Глыбокім

voiny marii 03Суботнім днём 24 лютага ў Глыбокім адбылося спатканне для мужчын.
Арганізатар сустрэчы а. Віктар Мялешка OFMConv пазнаёміў прысутных з Кодэксам і дзейнасцю сусветнага мужчынскага руху «Воіны Марыі».

Воіны Марыі (Wojownicy Maryi) — марыйны каталіцкі рух мужчын — заснаваны ў Польшчы ў Каталіцкім Касцёле. Яе заснавальнікам з’яўляецца кс. Дамінік Хмялеўскі, салезіянін. Рух паўстаў як адказ Касцёла, які моліцца, на сучасныя выклікі, якія стаяць перад супольнасцю вернікаў і ўсім светам. Яе мэта — фармаваць мужчын, якія — згодна з пакліканнем, атрыманым ад Бога — па прыкладзе Беззаганнай Марыі, павінны стаць вернымі сведкамі Хрыста, а праз заступніцтва св. Юзафа імкнуцца быць добрымі мужамі і бацькамі, выконваючы сваю місію ў Касцёле і ў грамадстве.
Разважаннем Балесных таямніц святога Ружанца распачалася напружаная праца. Каля дваццаці мужчын з розных куткоў Віцебшчыны зноў і зноў прамаўлялі “Вітай Марыя”.
Ці ты мужчына гатовы змагацца за сваю сям’ю? Ці ты гатовы змагацца з уласным грахом? Вельмі цікавая і змястоўная канферэнцыя айца Віктара засяродзіла сваіх слухачоў на шматлікіх пытаннях. Не менш грунтоўнымі і фундаментальнымі былі адказы — святы Ружанец, сакрамант Пакаяння, Эўхарыстыя.
Апоўдні распачалася святая Імша, жадаючыя мелі магчымасць прыступіць да споведзі.
Падсілкаваўшыся абедам, удзельнікі працавалі ў групах. Адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і бласлаўленнем скончылася першая фармацыйная сустрэча мужчын, якая прынесла мора пазітыву і цікавай інфармацыі.

voiny marii 18


Міхаіл Бука, тэкст
Леанід Юрык, фота