Асабістае пацвярджэнне адзінству вернасці Марыі здзейснілі легіянеры ў Глыбокім

acies 0913 красавіка 2024 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбыўся ўрачысты штогадовы сход легіянераў Марыі «Acies». Актыўныя і дапаможныя чальцы асабіста аднавілі прысягу на вернасць Каралеве Легіёну.

«Acies» – лацінскае слова; так называлася войска ў баявым стане, і гэта назва добра падыходзіць да азначэння цырымоніі, падчас якой легіянеры збіраюцца разам і аднаўляюць прысягу на вернасць Дзеве Марыі, Каралевы Легіёна, каб атрымаць ад Яе сілу і бласлаўленне на далейшую барацьбу супраць моцы зла.
На сустрэчу сабраліся легіянеры з Дзеркаўшчыны, Дунілавіч, Сітцаў і Глыбокага. Святую Імшу цэлебраваў кс. канонік Валерый Орсік, пробашч Дзеркаўшчынскай парафіі, які з’яўляецца духоўным кіраўніком “воінаў Марыі” Глыбоцкай курыі. Падчас гаміліі святар разважаў пра апостальскае служэнне свецкіх. “Легіянер падараваў сваё сэрца Багародзіцы праз сваё служэнне, часам незаўважнае, але Бог усё бачыць. Вы выконваеце велізарную работу, бо ўдзельнічаеце ў плане збаўлення”, — падкрэсліў кс. канонік.
На заканчэнне святар пажадаў “не баяцца вызнаваць Езуса Хрыста, нават у тым асяроддзі, дзе будзеце апляваныя, раскрытыкаваныя і пагарджаныя, каб заўсёды быў прыкладам Хрыстус, Які ўсё сцярпеў, але ўваскрос. Уваскрос, каб і я мог быць побач з Ім, уваскрос, каб я мог жыць Ім, уваскрос, каб і я ўваскрос».

acies 28
Сустрэчу ўдзельнікі руху прадоўжылі ў парафіяльным доме за кубачкам гарбаты і пачастункамі, абмеркавалі падзеі з жыцця Легіёну і паразмаўлялі аб будучых планах.


Марына Сінкевіч, тэкст і фота