Крыжовы шлях. Разважанні глыбоцкіх настаўнікаў
- Падрабязнасці
- Апублікавана 28.02.2015 23:01
Разважанні стацый Крыжовага шляху, якія прагучалі з вуснаў настаўнікаў у парафіяльным касцёле ў пятніцу, 27 лютага 2015 года.
Стацыя 1.
Пан Езус перад судом Пілата.
Свет несправядлівых прысудаў, свет бязвіннай смерці. Побач з намі паміраюць тысячы людзей, некаторыя з іх ні ў чым не вінаватыя. Яны церпяць крыўду ад тых, хто іх знішчае. Як жа жыць? Як выцерпець? І як паміраць?
Пане, прымаючы прысуд Пілата без бунту, з годнасцю, Ты гаворыш нам, што перад несправядлівымі прысудамі мы павінны заняць падобную пазіцыю. Мы павінны толькі памятаць, што існуе Божы трыбунал справядлівасці, - Ён, як суд найвышэйшы, выявіць усе няправільныя прысуды.
Дай нам, Пане, ласку памятаць пра Твой суд, калі нас пакрыўдзяць суды гэтага свету.
Стацыя 2.
Езус бярэ крыж.
“І, несучы крыж свой, Ён выйшаў на ўрочышча Чарапоў, што па-жыдоўску называецца Галгофа…”
Ніводнага вучня не было ў гэты момант каля Езуса…
А як часта мы, несучы свой крыж, хочам хутчэй перакласці яго на плечы другога. Ці не наракаем мы, што нам цяжка, што нікога няма побач, каб дапамагчы. Чаму менавіта мне, за што?
Жонка, якая церпіць кпіны, а мо здраду ці здзекі свайго мужа. Маці, якая нясе крыж перажыванняў за сваіх дзяцей, унукаў, якія знаходзяцца ў залежнасці ад алкаголю, наркотыкаў ці камп’ютараў. Бацькі, якія выхоўваюць хворае дзіця, несучы крыж пакутаў. Падначаленыя, якія церпяць несправядлівасць свайго начальніка…
А колькі крыжоў маленькіх і не толькі нам трэба несці ў жыцці і памятаць, што крыж нам даецца па нашых сілах. Мы павінны яго ўтрымаць, не зламацца. І добра, калі на нашай крыжовай дарозе сустрэнецца такі ж Сымон з Кірынеі, які падставіць сваё плячо.
Добры Езу, дай мне сімлы несці мой крыж, не зламацца пад ім, дай моц веры і пакоры, прабач мае правіны і правіны маіх блізкіх.
Стацыя 3.
Езус падае першы раз.
Езус усю ноч не спаў, а з учарашняга дня нічога не еў. Аслаблены, са знявечаным целам, з дрыжачымі каленямі цягне на сабе крыж. Потым спатыкаецца аб камень (а можа хто піхнуў у натоўпе) і падае. Якімі бязлітаснымі могуць быць людзі ў такія хвіліны! Першае падзенне – гэта асабліва моцны боль. На Езуса, які ляжыць на зямлі, як град сыплюцца праклёны, здзекі і ўдары. Пераадолеўшы сябе, Езус устае з зямлі, з цяжкасцю кладзе крыж на зраненае плячо і ідзе далей.
Езус, як часта мы кажам “так”, аднак потым падаем. Каго з нас ніколі не падманвалі, не прыніжалі, не расчароўвалі? Можа крыўда, якую мы не можам ніяк прабачыць, і ёсць наша першае падзенне? Хрыстус прабачыў нам усё, а мы? А можа гэта крыж наш занадта цяжкі, ці можа не хапіла нам цярпення? Езу, дай нам ласку разумення, што кожнае сапраўднае цярпенне раней ці пазней стане для нашых плеч нязносна цяжкім. І мы, знямоглыя, скажам “больш не магу!”. Пане, у такую гадзіну не дай нам упасці духам. Ты ведаеш, як моцна можа прыціснуць крыж! Таму дзякуй Табе за Тваё падзенне пад крыжам. Дзякуючы яму і нам лягчэй падымацца. О Езу, будзь нам падтрымкай і надзеяй у такія хвіліны слабасці. Давяраем Табе ўсім сэрцам, Езу, які за нас цярпеў.
Стацыя 4.
Езус сустракае Маці.
Спёка. Невыносная спякота. Прамяні Ізраільскага сонца пякуць вельмі моцна. Духата. Навокал ніводнай расліны. Цэгла. І толькі цэгла. Дзе знайсці выйсце? Успомніліся словы Бога, пачутыя праз Анёла: “Вітай Марыя, поўная ласкі…” Яна згадзілася і прыняла Яго волю. Нялёгкае гэта было рашэнне. Нарадзіла ў стайні. Нарадзіла Збаўцу свету. Затым уцёкі на Егіпецкую зямлю.
Як Яна песціла Яго, выхоўвала, клапацілася, перажывала за Яго няўдачы, радавалася Ягоным цудам.
А зараз… зараз, здаецца, жыццё абарвалася. Як жыць далей? Без сына, без надзеі, без будучыні.
А крыкі даносіліся ўсё мацней. “Укрыжуй Яго!” Камяні моцна білі цела Яе Сына. О, як бы Марыя хацела ўзяць хустачку, павыціраць усе, да адзінай, Ягоныя раны, абмыць іх сваімі слязьмі.
Яе мацярынскае сэрца адчувала, што бачыць свайго Сына ў апошні раз.
І тут сярод жорсткага і крывадушнага натоўпу Яна ўбачыла добрыя і пакорныя вочы Сына. Вочы, поўныя любові да сваёй роднай маці, а таксама да ўсіх людзей, да сляпых, і пракажоных, да калек і нават да тых, якія кідалі ў Яго камянямі.
Як гэта бывае часта і ў нашым жыцці. Нам баліць. І тады мы прыходзім да Цябе, наш Езу. Ты забіраешь наш боль. А мы, замест падзякі, здраджваем Табе, ідучы за часовымі задавальненнямі.
Што давала сілы Марыі ціха, моўчкі сустрэцца з Езусам? Не плакаць горкімі роспачнымі слязьмі, а пакорна, у апошні раз, з любоўю, адарыць позіркам любага, адзінага Сына. Гэта была вера. Сапраўдная вера. Напэўна, зусім не такая, калі мы прыходзім да касцёла і навязваем Богу сваю волю. Я хачу тое! О Божа, зрабі, прашу! Я Цябе вельмі прашу! Кожны дзень адгаворваю ружанец. Чаму Ты мяне не чуеш?
“А чаму Ты Мяне не чуеш?” – можна пачуць у адказ голас Бога. Бог ад нас хоча іншага. Магчыма, і нашай пакоры пры вельмі цяжкіх выпрабаваннях. О Езу! Дапамажы адчуць Тваю прысутнасць у нашым жыцці.
Памолімся, каб сярод жыццёвых бур і нязгод, па прыкладу Марыі, мы маглі чуць голас Бога. І з пакорай крочыць Ягонымі сцежкамі.
Стацыя 5.
Сымон Кірынеец дапамагае Езусу несці крыж.
І прымусілі нейкага Сымона Кірынейца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, каб несці крыж Ягоны.
Пане Езу, Ты дапамог у Сваім жыцці столькім людзям: слабым, хворым. Але Табе ніхто не хацеў дапамагчы – ад страху ці ад сораму. Толькі зараз прымусілі чужога, неахвотнага вяскоўцк несці Твой крыж. Гэта зроблена не з літасці, але з разважлівай нянавісці: Ты павінен быў памерці не ў дарозе, але ў жудасных крыжовых пакутах.
Пане Езу, часам нам так не хочацца дапамагаць бліжняму: баімся, саромеемся, робім уражанне што не ведаем як, што нам няма калі. Якім жа вялікім гонарам для Сымона з Кірынеі быў той чын, што ён нёс крыж Бога і крыж збаўлення свету! Мы, дапамагаючы якім-небудзь чынам другому чалавеку, маем гонар дапамагчы самому Езусу несці Яго крыж збаўлення.
Стацыя 6.
Вераніка выцірае твар Езуса.
Езус пакінуты ўсімі. Вакол толькі бяздушнасць, варожы настрой, бязлітаснасць. Знясілены смагай і болем, аслаблены да апошніх межаў цела і духа. Крыж цягне да зямлі страшэнным цяжарам. Езус адчувае, што ўжо млее, перад вачыма ўсё мільгаціць.
Хтосьці іншы крочыў бы далей у поўнай роспачы, ні на што ўжо не звяртаючы ўвагу. На падыходзячую з хусткай Вераніку не быў бы ў стане нават зірнуць. Хістаючыся, мінуў бы яе… сляпы і глухі.
Ад болю Езус цяжка стогне пад крыжам, аднак сэрца Яго настолькі далікатнае і ўражлівае, што нават цяпер дацэньвае жэст Веранікі і па-божаму ёй адудзячыць.
На хустцы Веранікі, якою яна выцерла твар Езуса, Ён пакідае адбітак свайго Божага аблічча.
Пане, якое ж моцнае Тваё сэрца і адначасова далікатнае! Толькі Ты свабодны сярод людзей – нявольнікаў жыцця і цярпення! Учыні таксама мяне свабодным! Калі буду стаяць, заглыблены ва ўласнае цярпенне, сляпы і абыякавы да людзей вакол сябе, захавай яснасць майго вока і свабоду сэрца ад эгаізму, які моцна раніць менавіта церпячага. Дапамажы мне не думаць усцяж толькі пра сябе.
Не маю права нічога патрабаваць ці быць цяжарам для іншых, парушаць радасць іншага тым, што мне цяжка. Навучы мяне заўважаць кожную дробную паслугу любові, навучы мяне дацэньваць яе і быць удзячным.
Так, трэба навучыцца быць карысным для іншых, бо чалавек хутчэй перамагае свае цярпенні тады, калі, нягледзячы на пакуты, дапамагае іншым.
Навучы мяне думаць пра іх і разумець іх. Пакажы, як здабыць іх давер, як сказаць ім добрае слова, суцешыць, падтрымаць і дапамагчы.
Буду заўсёды мужным дзеля дабра бліжняга!
Стацыя 7.
Езус падае другі раз.
Езус зноў адзін сярод бязлітаснага натоўпу. Ніхто не дапамагае Яму ў Яго бядзе. А крыж так моцна прыціскае; але яшчэ больш Яго прыціскае ўся гэтая няўдзячнасць навокал.
З найчысцейшай любоўю абвяшчаў ім Божае Валадарства. Можа, не адзін з тых, каго Ён некалі аздаравіў ці накарміў, знаходзіцца зараз тут. А цяпер праклінаюць і штурхаюць, быццам бы Ён быў іх зацятым ворагам. Вось сапраўдныя прычыны, чаму Езус другі раз падае на зямлю.
І Ён іх збавіў менавіта праз тое, што яны Яму прычыняюць! З цяжкасцю ўстае другі раз і ідзе далей.
Пане, дай зразумець, якая гэта вялікая справа – цярпець за іншых! Увесь Твой боль скрывае ў сабе таямнічую радасць, бо Ты ведаеш, што з гэтага болю зыходзіць благаслаўленне і збаўленне для нас.
Ці ж і я не змагу цярпець такім чынам? Мае клопаты, мая праца, мой боль; ці ж не магу ў еднасці з Тваімі збаўчымі цярпеннямі прынесці ў ахвяру Нябеснаму Айцу? За ўсіх, каго люблю… За ўсе несправядлівасці ў вялікім свеце…
Напоўні глыбокай надзеяй наша цярпенне – што ў ім ёсць сэнс, што яно ўдзельнічае ў моцы цярпенняў Збаўцы.
Заклікае Божую ласку да іншых і дапамагае там, дзе нішто ўжо дапамагчы не можа.
Пане, молім Цябе ўсім сэрцам, дай нам гэтае разуменне і веру!
Стацыя 8
Езус суцяшае ерузалемскiх жанчын.
«I iшло за Iм вялiкае мноства народу i жанчын, якiя плакалi i галасiлi па Iм. Езус жа, звярнуўшыся да iх, сказаў: дочкi ерузалемскiя! Не плачце па Мне, але па сабе i па дзецях вашых».
Жанчыны плачуць, гледзячы на Езуса, якi iдзе на смерць. Госпад не адвяргае спачуванне, але хоча, каб людзi бачылi свае недахопы. «Плачце па сабе», кажа ён. Стан грэшнiка непараўнальна цяжэйшы пакут мучанiка, памiраючага за праўду.
Не трэба пралiваць слёзы па тым, што нясе iншым выратаванне. Трэба адрознiваць i пазнаваць дзе i ў чым сапраўднае няшчасце. Пустога i грэшнага жыцця трэба баяцца больш, чым пакут i смутку.
Усе хочуць бачыць сваіх дзяцей добрымі, выхаванымі, але часам нашых намаганняў бывае недастаткова.
Мы ранім Цябе, Хрыстос, калі пад час Эўхарыстыі нашы дзеці бегаюць, не стаяць на каленях, шумяць. Наш абавязак вучыць культуры паводзін у касцёле, прывіваць хрысціянскія адносіны да святыні, Крыжа.
Тут, у святым месцы фарміруецца душа чалавека.
“Не плачце па мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых” – гаварыў Езус. Вучыце сваіх дзяцей і родных пазнаваць Хрыста, і не трэба будзе плакаць па іх.
Стацыя 9.
Езус падае трэці раз.
І вось зноў, не утрымаўшыся на разбітых каленях, Ты упаў, і, вось хворы, скалечаны, зноў ляжыш пад цяжарам крыжа. Каб быць дужым па-сапраўнаму, трэба спачатку пазнаць сваю слабасць.
О, мой Езу! У Табе, у Тваіх бясконцых пераадольваннях сябе, я чарпаю сілы. Гледзячы, як ты ўстаешь пасля чарговага падзення, калі, здаецца, усё: сілы пакінулі Цябе, але, пераадольваючы боль і мукі, Ты ўстаеш, каб ісці далей. Устаю і я. Я ўстаю, каб выкрэсліць усе перажытыя пакуты, як і Ты, пачаць ўсё спачатку.
Так! Гэта цяжка! Але я веру Табе! Я не магу не верыць Табе, бо Ты ўсё ведаеш і разумееш! Не магу не адкрыць Табе ўсе таямнічыя куткі сваёй душы.
Езу Хрыстэ! У каторы раз я звяртаюся да Цябе, прасціраючы рукі. У каторы раз малю Цябе: “Дапамажы мне, Езу! Засцеражы ад сумнення , калі ўсё ж яно закрадзецца ў маю душу! Дай часціцу моцы Тваёй, і любыя падзенні будуць мне не страшныя! Дай мне волі Тваёй! Дай мне веры Тваёй! Дай цярпімасці мне!”
Стацыя 10.
З Езуса здзіраюць адзенне.
З Езуса сталі бязлітасна зрываць адзенне, агаляючы мноства ранаў. Злыя языкі тых, каго Ён аплакваў, таксама ранілі Яго, як тысячы стрэлаў.
Часам занадта многа ўдзяляем увагі знешняму лоску, цешым цела, гаворым, што злыя словы, знявагі, раздражнёнасць самі зрываюцца з вуснаў, а мы не вінаватыя. Кажам, што ногі самі вядуць, а рукі робяць, што нешта звонку не дазваляе нам быць пабожнымі, спакушае. Апраўдваем свае паводзіны. З Езуса сарвалі вопратку. Калі з нас зняць усё ненатуральнае, напускное, - гэту нашу “вопратку” – што мы ўбачым? Душу, але якую? Чыстую, пакорную або брудную і распешчаную. Не цела бруднае – душа. Гэта яна брудзіць цела і прымушае сабе падпарадкоўвацца.
Дай Божа, каб нашы душа і нашы дзеянні суіснавалі ў гармоніі, заўгоднай Пану Богу.
Стацыя 11
Укрыжаванне Езуса.
Узяць цвікі і ўбіць іх у жывыя далоні… Як гэта магчыма? Як не чуць крык, як прымусіць сябе не бачыць кроў, адкуль узяць сілы, каб падняць над галавою малаток? Кім трэба быць, каб жывое цела прыбіваць да Крыжа? Няўжо людзі былі здольныя на такое?
Але і сёння стогнуць людзі, прыбітыя і забітыя сваімі блізкімі. Рознымі спосабамі, рознымі намаганнямі здзекуюцца людзі адзін над адным. Мы і самі сябе прыбілі шматлікімі цвікамі да матэрыальных скарбаў, фальшывых цнотаў, неспаўняльных абяцанняў і дзівімся - чаму не можам варухнуцца.
Езу, дазволь мне стаць свабоднай - прыбітай да Твайго крыжа. Свабоднай ад сябе самой, ад самаабману, ад ілюзій і амбіцый.
Стацыя 12.
Пан Езус памірае на крыжы.
“І а шостай гадзіне настала цемра на ўсёй зямлі ажно да дзявятай гадзіны. І а дзявятай гадзіне загаласіў Езус моцным голасам: Элоі, Элоі! ламма сабахтані! што абазначае: Божа мой, Божа мой! на што Ты мяне пакінуў? (…) Адін жа, пабегшы і набраўшы ў губку воцату ды насадзіўшы яе на трысціну, паіў Яго (…) Езус жа, загаласіўшы моцным голасам, сканаў (…) Сотнік, што стаяў насупраць Яго, сказаў: “Сапраўды, чалавек гэты быў Сын Божы”.
Ойча Усемагутны! Закончыўся Твой кароткі і такі пакутны шлях на грэшнай зямлі. Праз невыносныя мукі, здзек, прыніжэнне і вялікае цярпенне Ты з’яднаўся са сваім Айцом, стаўшы заступнікам і абаронцам перад Ім нас, грэшнікаў.
Дапамажы ж нам умацаваць сваю волю і навярнуцца да веры, Касцёла, бо сваім адступніцтвам ад Божых запаведзяў, мы кожны раз падносім воцат да сасмяглых вуснаў Хрыста, застаўляючы зноў і зноў пераносіць невыносныя мукі ад тых, каго Ён любіць.
Усемагутны Ойча! Стоячы на каленях перад Тваім Крыжом, пакорна просім: прабач нам за ўсе нанесеныя Табе раны і дапамажы несці дастойна свой крыж ва ўсіх жыццёвых нягодах і выпрабаваннях, каб у кожную хвіліну мы маглі разам з табою казаць: “Пане, не мая воля, Твая няхай станецца”.
Стацыя 13.
Езуса здымаюць з крыжа.
“Стаялі ж ля крыжа Маці Яго і сястра Маці Яго Марыя Клеафасава і Марыя Магдалена (…). І вось прыйшлі жаўнеры (…), падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён памёр ужо (…), адзін з жаўнераў прабіў Яму бок дзідаю, і ўраз жа пацякла кроў і вада (…). Потым Юзаф з Арыматэі (…) папрасіў Пілата, каб зняць цела Езуса.”
Ойча наш Усемагутны! Споўнілася Твая вялікая Ахвяра. Тваё знявечанае Цела працягвалі мучыць нават пасля смерці. Цяпер яно спачывае на руках Маці, што прайшла за Табою ўвесь гэты пакутны шлях. Усе Твае мукі адбіваліся болем у яе сэрцы. Яе душа захлыналася ад гора, роспачы і шкадавання, але паслухмяная Божай волі, яна не наракала на свой лёс.
Божа Міласэрны! Калі будзе на тое Твая воля, надзялі ўсіх жанчын на зямлі цярплівасцю і ахвярнасцю Тваёй Маці, дапамажы кожнай з нас у веры, любові і дабрыні выхоўваць дзяцей, быць асновай сям’і, дапамажы кіравацца Яе прыкладам у паўсядзённым жыцці і выконваць ва ўсім Божую волю.
Стацыя 14.
Езуса кладуць у грабніцу.
“ І (Пілат), даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Юзафу. І купіўшы палатно ды зняўшы Яго, абвіў палатном і палажыў Яго ў магілу, што была высечана ў скале ды прываліў камень да дзвярэй магілы. А Марыя Магдалена і Марыя, маці Юзафа, глядзелі, дзе Яго палажылі”.
О Езу мой! тваё святое Цела
Ў Пілата Юзаф папрасіў нясмела.
У саван абгарнуў яго ён беражліва,
І камень цяжкі прываліў к магіле.
Вось адышлі навек і боль, і здрада,
Людская лютасць і знявага.
Ціш наваколле агарнула і грабніцу…
Давайце ж, людцы, будзем усе маліцца
За Папу Рымскага і Святароў,
Што вучаць, як пазбавіцца грахоў.
За люд увесь у свеце цэлым
І за начальнікаў няўмелых.
За нас, за грэшнікаў няўдачных,
За тых, хто кожны дзень у плачы.
За п’яніц, наркаманаў і забойцаў,
Што і на свеце гэтым ужо не бачаць сонца.
За моладзь нашу ўсю, дзяцей,
Каб у Хрыста паверылі хутчэй.
Каб веры не цураліся, як мы,
І выйшлі к свету з гэтай цьмы.
Яшчэ ж магчыма грэху дараванне
Пакуль жыве малітва, пост і пакаянне.
Цябе мы, Ойча молім за сабой вясці,
Дазволь Цябе любіць і за Табой ісці…
Закончылася Пятніца скляпеннем –
Чакаем усе Твайго ўваскрашэння!
Езу Хрыстэ! Збавіцель наш і ахоўнік! Прымі пакаянне нас, грэшнікаў, праз гэты Крыжовы шлях. Ты сваімі мукамі і смерцю заплаціў за нашыя правіны і заслужыў нам жыццё вечнае.
Прымі ж, Ойча, у падзяку ад нас хоць гэтую крыжовую дарогу, якую мы прайшлі разам з Табой. Калі будзе на гэта Твая воля, дазволь і надалей жыць з гэтым пачуццём ачышчэння і вялікай Тваёй ласкі, і дайсці да апошняй хвіліны нашага жыцця, калі нашы душы прадстануць на суд перад Нябесным Айцом.