Крыжовы шлях. Разважанні ўдзельнікаў руху "Аднова парафіі"
- Падрабязнасці
- Апублікавана 24.03.2015 17:24
Разважанні стацый Крыжовага шляху, якія прагучалі з вуснаў удзельнікі руху "Аднова парафіі" ў парафіяльным касцёле ў пятніцу, 20 сакавіка 2015 года.
Стацыя 1.
Езус асуджаны на смерць
Пілат, каб угадзіць натоўпу дае ўказ асудзіць на смерць на крыжы ўкаранаванага Езуса. Пры тым, што добра ведаў – Езус нічога дрэннага не зрабіў. Пілат на свае вочы бачыў дабро, што Езус чыніў людзям. Але ж вакол гучала “Укрыжуй!”.
Колькі ж такіх дрэнных, неабдуманых учынкаў зрабілі мы, баючыся, што нас будуць высмейваць і насміхацца з нашага рашэння: мы несправядліва даём волю сваім насмешкам, прычыняючы здзекі і боль бліжнім.
Дапамажы нам, Езу, цярпліва адносіцца да людзей, якія несправядліва нас крыўдзяць і асуджаюць, і не судзіць іншых, не ісці за натоўпам і не здзекавацца са слабых, адважна гаварыць праўду. Не дазволь нам, Пане Езу Хрыстэ, аддаліцца ад Цябе.
Стацыя 2.
Езус бярэ крыж.
“І несучы крыж свой, Ён выйшаў на ўрочышча Чарапоў, што па-жыдоўску называецца Галгофа…” Ніводнага вучня не было ў гэты момант каля Езуса…
Кожны з нас нясе свой крыж у жыцці. І не заўсёды мы згаджаемся і прымаем цяжкую ношу. У роспачы наракаем, чаму менавіта ўсе выпрабаванні мне? І за што? Чаму мне ніхто не дапамагае?
Састарэлыя бацькі, забытыя роднымі дзецьмі, жывуць у пастаянным чаканні вестачкі пра іх жыццё і якім неабходна проста матэрыяльная дапамога.
Жанчына, якая церпіць у сям’і непаразуменне і здраду, знявагу мужа і п’янства.
Маці і бацька, якія нясуць крыж перажыванняў за дзяцей, якія знаходзяцца ў залежнасці ад алкаголю, наркатычных сродкаў, курэння, пры здзяйсненні правапарушэнняў. І самы цяжкі крыж пакутаў для бацькоў – калі смерць забірае дзіця…
Дзеці-сіроты, дзеці кінутыя жывымі бацькамі, дзеці, якія не атрымліваюць любові і належнага выхавання ў сям’і, нясуць крыж абыякавасці да жыцця.
Колькі крыжоў даецца нам у жыцці, колькі выпрабаванняў. Мы павінны яго ўтрымаць і вынесці.
І добра, калі на нашай крыжовай дарозе сустрэнецца такі ж Сымон Кірынэец, які падставіць сваё плячо. Добры Езу, дай мне сілы несці мой крыж, не зламацца пад ім, дай моц веры і пакоры, прабач мае правіны і правіны маіх блізкіх.
Стацыя 3.
Езус падае першы раз.
Цяжар Крыжа, які ўвабраў у сабе грахі людскія, невымерны. Езус падае пад гэтым цяжарам, каб зноў падняцца і зноў ісці шляхам цярпення. І зноў ісці шляхам цярпення і на гэты раз Ён не скінуў крыжа з плячэй, не адштурхнуў, не раззлаваўся, але паволі крок за крокам панёс далей.
О Езу найцярплівейшы! Я столькі разоў падаю пад цяжарам майго крыжа! Столькі разоў мяне апаноўвае спакуса скінуць яго з плячэй, каб аблегчыць сваё жыццё!
Добы Езу! Не дазволь мне атрымаць часовую палёгку цаной здрады Табе. Учыні, каб пасля кожнага падзення ў мяне знаходзіліся сілы падняцца і працягваць свой шлях – услед за Табою!
Стацыя 4.
Езус сустракае Маці.
Закатаваны, прыніжаны, пакінуты ўсімі, Езус ідзе на Галгофу. Грубыя словы жаўнеры, нібыта бізун, рэжуць Яго святое цела, людскі натоўп сціскае ўсё цясней. А Ён, поўны велічы, крочыць наперад, каб памерці на Крыжы. Вялікая колькасць вачэй – здзіўленых ці абыякавых, злосных ці поўных нянавісці – глядзяць на Яго жахлівую муку. І раптам у гэтым натоўпе змучаны позірк Езуса заўважае вочы Маці. У іх Ён з дзяцінства чытаў праўду аб сваім пакліканні, з іх заўсёды чэрпаў спагаду.
Вочы Марыі, напоўненыя болем і смуткам, і вочы Езуса, чыстыя, блакітныя, поўныя ўсеабдымнай любові, сустракаюцца. Адны ў свеце, нягледзячы на дзікі натоўп – вочы ў вочы, сэрца да сэрца. Гэта сустрэча Маці і Сына на Крыжовым шляху падобная маўклівай абдымцы, паўтарыць якую на зямлі Ім больш ніколі не давядзецца.
Крыж Пана вельмі цяжкі. Такі цяжкі, што Сын Божы падае раз, другі… О, якое страшнае відовішча! Той, хто ўзяў на Сябе цяжар нашых грахоў, ляжыць у нагах бязбожнікаў, але падымаецца і ідзе далей: сярод крыкаў, злых людзей, цярпліва зносячы знявагі. Маці адна разумее Сына. У гэтую невыносна цяжкую хвіліну разам з Ім Яна ўзыходзіць на ахвярную гару, з Ім дзеліць муку збаўлення свету.
Пане Езу Хрыстэ, сустрэча з Тваёй Маці на дарозе Крыжа – гэта невыказны боль для Цябе і Яе матчынага сэрца. Але гэта таксама падмацаванне ў час мукі. Учыні, каб мы ніколі не зачынялі сваіх сэрцаў, пазіраючы на пакуты людскія, дапамажы нам так, як Ты, у спакоі духа, вытрываць усе перашкоды.
Маці Балесная, дапамажы нам заўсёды пагаджацца з воляй Божай, як пагадзілася Ты, калі Твой Сын ахвяраваў Сваё жыццё за грэшны свет, за ўсіх нас.
Марыя, Маці Міласэрнасці, будзь пры мне заўсёды, асабліва ў цярпенні, як была на Крыжовым шляху Свайго Сына.
Стацыя 5.
Сымон Кірынеец дапамагае Езусу несці крыж.
Наймілейшы Езу, Ты дазволіў Сымону дапамагчы несці Твой крыж, хоць робіць ён гэта неахвотна. Божа, Ты прыняў дапамогу другога чалавека, спрацаванага, змучанага. А можа менавіта гэты выпадак з’яўляецца пасланым пацалункам ад Бога? А можа гэта запрашэнне да чагосьці, чаго мы не разумеем? А можа гэта і ёсць шанс, дотык Ласкі Божай?
Відавочна, што ўсе мы патрэбны для рэалізацыі Твайго цудоўнага плана Збаўлення. Ведаю, што і мне патрэбны іншыя людзі. Усё: кім я ёсць, што маю – гэта дзякуючы дапамозе і зычлівасці іншых людзей, а менавіта, бацькоў, родных, сяброў, святароў, многіх нават невядомым мне людзей, якія ахвяравалі за мяне сваё цярпенне і свой пот цяжкай працы. Многія з іх адышлі ўжо з гэтага свету, многія жывуць побач.я зараз з’яўляюся для ўсіх іх даўжніком.
Божа, дапамажы мне быць заўсёды свядомай залежнасці ад іншых людзей. Навучы, быць удзячнай, зрабі быць здольнай да ахвотнай дапамогі патрабуючым, нават не на карысць сабе. Навучы ў любові служыць адзін аднаму, бо ўвесь закон спаўняецца ў адным: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”.
Стацыя 6.
Вераніка выцірае твар Езуса.
Езус пакінуты ўсімі, бо не меў Ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на Яго, і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адпіхнуты людзьмі, муж цярпення, ад якога адварочваюць твар. Вакол толькі бяздушнасць, варожы настрой, бязлітаснасць. Знясілены прагай і болем, аслаблены да апошніх межаў цела і духа. Крыж цягне да зямлі страшэнным цяжарам. Езус адчувае, што ўжо млее, перад вачыма ўсё хістаецца. Езус цяжка стогне пад крыжам, аднак сэрца Яго настолькі далікатнае і ўражлівае, што нават цяпер дацэньвае жэст Веранікі, якая выбегла Яму насустрач з хустай у руках, забыўшыся на страх і небяспеку, і абцерла Яго скрываўлены твар. Яна не пабаялася паспачуваць Асуджанаму і на вачах натоўпу засведчыла сваю любоў. І Езус узнагародзіў Вераніку – пакінуў на яе хусціне адбітак свайго святога Аблічча. О Езу ласкавы! За кожны рух любові Ты шчодра ўзнагароджваеш сваёй любоўю. Дапамажы мне заўсёды, не тоячыся, любіць і вызнаваць Цябе. Нават тады, каля гэта будзе небяспечна для майго жыцця.
Няхай Тваё Аблічча заўсёды нагадвае мне цану збаўлення. Няхай яно назаўсёды застанецца ў маім сэрцы, як засталося на хусце Веранікі. Навучы мяне заўважаць кожную дробную паслугу любові, навучы мяне дацэньваць яе і быць удзячным. Езу, дай сілы навучыцца быць карысным для іншых, бо чалавек хутчэй перамагае свае цярпенні тады, калі, нягледзячы на пакуты, дапамагае іншым. Навучы мяне думаць пра іх і разумець іх. Пакажы, як здабыць іх давер, як сказаць ім добрае слова, суцешыць, падтрымаць і дапамагчы.
Стацыя 7.
Езус падае другі раз.
Божа, я часта думаю ў штодзённым жыцці, што я побач з Табой, я нават амаль упэўнена, што дапамагаю Табе несці крыж, яго ўжо амаль дакранаюся і страшна ганаруся гэтай блізкасцю да Цябе.
Потым я забываю пар крыж, і мне ўжо нядрэнна проста ісці за Табой побач. А потым я заўважаю, што Ты ідзеш занадта хутка, а было б нядрэнна прыпыніцца і трошкі адпачыць, і я пачынаю скардзіцца , спатыкацца, а потым і зусім не глядзець на Цябе, а проста плесціся следам з пачуцця абавязку, з-за акружаючых, якія бачылі нас з Табою побач.
Праз некаторы час я зусім забываю пра Цябе… І ў гэты момант я спатыкаюся і падаю Табе пад ногі, збіваючы з ног Цябе, Божа… Прабач…
Я часта адкрываю перад Табой сваё сэрца, усе цёмныя бакі жыцця, усё тое, у чым толькі Табе не баюся адкрыцца. А Ты паслухмяна бярэш увесь цяжар майго сэрца і нясеш яго… І чаму ж я зноў і зноў паўтараю свае грахі, прыношу Табе ўсё смецце майго сумлення?
Прабач мяне, Езу, за Тваё падзенне. Гэта я такая, гэта мой грэх… Я клічу Цябе на дапамогу! Божа, дай мне правільна разумець крыж.
Бачу яго на вуліца горада, высока на маім касцёле, на магіле маёй маці. Гэта ж не бяда, гэта не цяжар, гэта не няшчасце.
Крыж – гэта знак Тваёй любові, праўда?! Вялікі гонар ўзяцца за Твой крыж, а яшчэ большы – несці яго за іншых.
Прабач мяне, Божа. Дай сілы любіць, як Ты і глядзець на свет Тваімі вачыма, і змяняць яго разам з Табой.
Стацыя 8.
Езус суцяшае ерузалемскiх жанчын.
З Евангелля паводле св. Лукі: “І ішло за іМ вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. Езус жа, звярнуўшыся да іх, сказаў: “Дочкі ерузалемскія! Не плачце па мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых””
Слёзы жаночыя… Яны танныя! Здаецца, нічога не стоіць жанчыне заплакаць. І бедныя, і багатыя, шчаслівыя і не вельмі – мы заўсёды плачам, усё блізка прымаем да сэрца. Так і жанчыны ерузалемскія – зусім нядаўна сустракалі Езуса, як Месію, віталі, сцялілі пад ногі сваё адзенне і раптам, о Божа! Гэты прарок – збіты, змардаваны, укаранаваны цернем, нясе свой крыж. Нягледзячы на звычай, забараняючы спачуваць чалавеку, якога вядуць на пакаранне, яны загаласілі. Упершыню за доўгі час крыжовага шляху Езуса прамовіў да жанчын: “вось надыходзяць дні, калі скажуць: шчаслівыя няплодныя і ўлонні, якія ніколі не нараджалі, і грудзі, якія ніколі не кармілі”.
Сваёй чалавечай натурай Езус разумее лёс жанчыны. Не асуджае, у яго словах гучыць больш шкадавання да нас, а Яго духоўны зрок звернуты да будучых пакаленняў і да часоў, у якіх мы жывём цяпер.
Сучасная жанчына – яна шмат чаго дабілася: раўнапраўя, незалежнасці, магчымасці будаваць сваю кар’еру, распараджацца сваім лёсам. Злётала ў космас, збіраецца ляцець на Марс, але не перастала быць жанчынай, нараджаць дзяцей, хвалявацца за іх, плакаць, перажываць. Жанчына шмат што можа, але Езус чакае, каб мы былі моцнымі ў змаганні з грахом, выконвалі тое, што хоча Бог, каб кожная з нас распазнала план Божага збаўлення.
У часе крыжовага шлях мы не можам заставацца проста староннімі гледачамі. Мы таксама далучаны ў гэты шлях і павінны шукаць сваё месца. Кім асабіста я буду, калі сустрэну Езуса на вуліцах Глыбокага: можа Веранікаю, можа Сымонам, ці Пілатам, ці жаўнерам, забіваючым цвікі ў цела нашага Збаўцы, ці невядомай жанчынай, якая не сумела нічога зрабіць для Езуса і толькі плакала.
З дочкамі ерузалемскімі таксама Ты, Найсвяцейшая Панна ўзышла на Кальварыю і Ты таксама плачаш. Ты не плачаш па сабе, па Той, што вераю і паслухмянасцю выконвае волю Айца; і не плачаш па Ім, Тваім Сыне, Нявінным і Святым. Ты плачаш над грахамі людзей, бо яны таксама Твае дзеці, а Твой плач-напамінак і просьба аж да нас даходзяць, Ты просіш: не забівайце ненароджаных дзяцей, беражыце дзяцей ад наркотыкаў, сем’і ад п’янства, разбэшчанасці, бязвер’я, распаду, уседазволенасці. Як нашы маці баранілі веру і касцёл у часы ваяўнічага атэізму, так і мы сёння павінны перадаць веру дзецям і ўнукам, захаваць у сем’ях хрысціянскія традыцыі.
Пакуль дзеткі малыя, пакуль слухаюцца маму, пакуль мама патрэбна, не адпускайце іх ад сябе, кожную хвіліну дзяліце з дзіцём, каб не плакаць потым у адзіноце аб сваім лёсе і лёсе дзяцей.
Стацыя 9.
Езус падае трэці раз.
Крыж становіцца ўсё цяжэйшы, цярпенне больш пакутлівым, кожны крок – гэта мука, кожнае падзенне – гэта набліжэнне канца. Трэці раз самлелы Езус ляжыць на зямлі. Ужо зусім не мае сілы ўстаць. Але замест спачування і міласэрнасці атрымлівае ўдары і знявагу. Ахвотных дапамагчы – няма. Адкуль узяць сілы для новага пачатку? Не ўдары, штуршкі і крыкі жаўнераў дапамагаюць падняцца, але толькі любоў да тых, якія без Галгофы загінулі б назаўсёды, безнадзейна. Любоў дае жыццё, сілы і кроў нават у бязвыхаднай сітуацыі. Толькі Бог вядзе крыжовым шляхам ажно да канца. Пакора вядзе да перамогі…
Езу, вазьмі мяне з Сабою на шлях пакоры, шлях праўды, асабістага прыніжэння, ахвяры. Пакажы мне праўду пра мяне, каб я навучылася давяраць Богу. Дай мне адвагу прыняць прыніжэнне, учыні мяне быць гатовай да ахвяры. А ў хвіліну разгубленасці дапамагай не страціць надзеі.
Пане, прабач нам нашу будзённасць і звыкласць у касцёле. Навучы адчуваць у кожнай святой Імшы Тваю смерць і Змёртвыхпаўстанне. Навучы нас маліцца штораз з новым натхненнем, з новай сілай, з новай і яшчэ больш моцнай любою да Цябе.
Стацыя 10.
З Езуса здзіраюць адзенне.
Жаўнеры сцягваюць туніку з Езуса, як зладзеі, і спрабуюць украсці ў Яго таксама сорам і годнасць.
Але сам Езус ёсць сорамам чалавека і яго цела, сам Езус ёсць яго годнасцю. I так зняважанае цела Хрыста абвінавачвае ўсе зневажанні чалавечага цела, створанага Богам як аблічча душы і мова для выказвання любові.
Але сёння часта бывае, што цела прадаецца і купляецца на вуліцах гарадоў на тэлевізійным «бруку», у дамах, якія становяцца вуліцамі.
Калі ж мы зразумеем, што забіваем любоў? Калі ж мы зразумеем, што без чысціні цела не можа ні жыць, ні нараджаць жыццё?
Калі ж бацькі зразумеюць, што трэба ставіць Божыя патрабаванні перад падрастаючымі дзецьмі, каб час заручынаў яны перажывалі ў чысціні?
Чысціня — гэта неабходная ўмова, каб любіць, каб любіць па-сапраўднаму, каб любіць верна. Апрача таго, Пане, калі хтосьці не можа валодаць сабою, як ён можа ахвяраваць сябе самога? Толькі той, хто жыве ў чысціні, можа любіць; толькі той, хто жыве ў чысціні, можа любіць, не зневажаючы.
Пане Езу, моцай Тваёй крыві, пралітай з любові, дай нам чыстыя сэрцы, каб адрадзілася ў свеце любоў, па якой усе мы так моцна сумуем.
Хрыстэ, мы будуем дом нашага жыцця на скале — на чысціні, якая ёсць адзеннем Тваёй любові.
Стацыя 11.
Укрыжаванне Езуса.
Неміласэрна кідаюць змучанага Езуса на дрэва крыжа. Цвікамі прыбіваюць да крыжа рукі і ногі. Трымціць і курчыцца ад болю ўсё цела. О, Езу! О Любоў укрыжаваная!
Пане Езу, Ты дазволіў бязлітасна прыбіць Сваё цела да крыжа, каб нам, нявольнікам граху, вярнуць свабоду Духа, свабоду дзяцей Божых. Ты згадзіўся на страшэнную крыжовую муку.
Апошнія пакуты… Ты яшчэ жывеш. Бачыш сваіх катаў і прабачаеш ім. Пане, прабач нашу нелюбоў. Як мала людзей, да якіх мы ставімся станоўча. Яшчэ менш мы іх любім. Навучы нас, Пане, любіць усіх людзей, суседзяў, родных, знаёмых.
Будзь з намі, Хрыстэ, калі нам цяжка будзе дараваць бліжнім правіны, калі сэрца будзе бунтаваць супраць людской няўдзячнасці.
Укрыжаваная Любоў! Колькі яе ў свеце! Як жорстка мы абыходзімся з тымі, каго любім, якія мы скупыя на сапраўдную любоў.
Перапрашаем Цябе, Пане, за ўсе нашы грахі. Хай наша жыццё, жыццё нашых дзяцей будзе поўным веры ў Цябе. Дапамажы жыць так, каб увайсці ў Тваё Валадарства!
Стацыя 12.
Пан Езус памірае на крыжы.
Пане Езу, Ты страціў Сваё жыццё, каб падараваць нам выратаванне, каб мы ўмелі вырвацца з путаў жыцця, прывязанага часам да зусім непатрэбных рэчаў, нейкіх мітуслівых абставін і колазварот праблем, якія паўсюдна атачаюць. Людзі плывуць, нібы тыя аблокі і не заўважаюць Цябе, не чуюць Цябе. Езу, у апошнія хвіліны свайго жыцця Ты прамовіў: “Маці, вось сын Твой! Вось Маці Твая!” Як жа балюча гучаць гэтыя словы ў сучасным свеце, бо многія дарослыя ўжо дзеці не заўважаюць сваіх састарэлых бацькоў, якія так чакаюць хаця б ласкавага слова. А што творыцца ў сэрцах маладых маці, якія рукой адмахваюцца ад сваіх маленькіх дзетак: камп’ютары і тэлевізары замяняюць ім жывое слова маці. Пане Езу, дапамажы і навучы, каб нашы маці неслі ў сваіх сэрцах такую любоў, стрыманасць і пакору, якой валодала Маці Марыя, дапамажы, каб нашы сыны і дочкі мелі павагу і любоў да сваіх бацькоў, так як Ты палюбіў Сваю Маці. Прабач Езу, за тую боль, якую мы прычынілі Табе, кожная рана на Тваім целе – гэта наша абыякавасць, кожная кропелька крыві, пралітая Табой за нас – гэта наша гардыня, кожная слязінка, упаўшая з Тваіх вачэй – гэта наша несвядомасць, якая вядзе нас да граху.
Прабач Езу і дазволь, каб промні Тваёй ласкі ачысцілі і дапамаглі нам, ажыві і абудзі гэты свет ад чэрствасці, пазбаў ад несправядлівасці.
Дазволь і навучы нас радавацца Тваёй любові, якую Ты дорыш кожнаму з нас.
Стацыя 13.
Езуса здымаюць з крыжа.
Пане Езу, хачу затрымацца на хвілінку і паразважаць над тым, як Пан Езус быў зняты з крыжа. Пакуты Езуса скончыліся, калі мёртвае цела, паклалі Маці на калені. Набліжаўся захад сонца. Быў вясенні пятніцкі дзень, лагодны, напоўнены птушынымі галасамі. Нікадэм, Юзаф і Лазар выцягнулі цвікі са счарнелых ранаў, паклалі бездапаможныя рукі сабе на плечы, а галава і цела сунуліся ўніз.
Марыя! Мужная Маці абняла нежывое цела Свайго Сына і на хвілінку прыціснула да сэрца. Затым вучні і Марыя спешна намасцілі цела духмянымі алеямі. Потым паслалі ільняное палатно, засыпалі яго зёлкамі, знялі цярновую карону, прыкрылі цела прасцінай. Недалёка ад крыжа знаходзілася новая, яшчэ неўжываная грабніца. Вучні каменем завалілі ўваход у грабніцу. Умілаванае цела ўжо не церпіць болю. Споўнілася ўсё, што павінна было споўніцца. Маці Балесная, Ты схілілася над целам Свайго Сына, каб аплакаць Яго смерць.
Твае, Сынок, вусны ўжо не прамовяць ні слова, Твае вочы ўжо нічога не ўбачаць, не паглядзяць. Твае рукі не навядуць парадку ў святыні. Пад Крыжом хачу стаяць побач з Табою, далучыцца да Твайго смутку і горка плакаць. Кожны чалавек ідзе сваёй дарогай, якую ўказаў Айцец. Возьмем жа за Тваю руку, Маці Божая і не будзем адпускаць ні на момант , бо толькі з Табою можна жыць на гэтым свеце. Ты заўсёды прабачаеш нам, калі мы спатыкаемся. І просім Цябе, маліся за нас хворых, галодных, знішчаных, сірот, удоваў, у шпіталях. А мы накіроўваем да Цябе свае заплаканыя вочы.
Калі б бог караў нас так, як мы гэта заслугоўваем, мы былі б вельмі няшчасныя.
Пане Езу і Маці Божая, дзякуем за вашы мукі, цела і кроў, каб збавіць нас і хочам застацца навекі ў Тваіх Мацярынскіх далонях.
Стацыя 14.
Езуса кладуць у грабніцу.
Боскі Збавіцель, Ты спачываеш у грабніцы. Твая Вялікая Пятніца мінула і набліжаецца велікодны ранак. Мы знаходзімся ў Вялікім Тыдні нашага жыцця.
Ад усяго, што нас трывожыць і прычыняе нам боль, мы некалі адпачнём, чакаючы новага і хвалебнага жыцця, выслужанага Табой. Дазволь, каб нашыя сэрцы былі месцам Твайго адпачынку, каб Ты мог іх падрыхтаваць да хвалебнага Змёртвыхпаўстання.
“Як у Адаме ўсе паміраем, так у Хрысце ўсе ажывём” (1 Кар 15, 22)