Крыжовы шлях ацалення
- Падрабязнасці
- Апублікавана 05.03.2020 15:03
Разважанні стацый Крыжовага шляху, якія прагучалі ў парафіяльным касцёле ў пятніцу, 28 лютага 2020 года.
Уступ
“...ранамі Яго мы ацаліліся” (Ісайя 53,5)
Езус просіць перадаць Яму ўсё зло, якое адбылося са мной і якое я зрабіў. Ён дасць мне замест іх усе добрыя моманты і моманты Божай ласкі з мінулага, сучаснасці і будучыні.
1. Езус асуджаны на смерць
Маё дзіця, перадай Мне кожны момант, калі ты асуджаў іншых, і дзе ты сам быў несправядліва асуджаны. Застанься тут сам Мною ў цішыні, без скаргаў на іншых і на сябе. Цяпер Я дам табе сілу і дапамогу, каб ты мог цярпець несправядлівасць і асуджэнне ў цішыні і прымаць гэта як ахвяру. Дай Мне тваю ганарлівасць, а Я дам табе маю пакору. Разам мы перажывем, выцерпім кожнае цяжкае здарэнне для збаўлення душаў. Калі ты зноў упадзеш па тваёй слабасці, Я буду з табою, каб узяць на сябе ўсе, што ты не можаш вынесці. Праз споведзь Мая рука падыме і выпрастае цябе і мы пачнем усё нанова.
2. Езус бярэ крыж
Маё дзіця, дай Мне ўсе траўмы і раны, якія ты атрымаў у мінулым і цяпер. Дай Мне сваю адзіноту і свой боль. Дай Мне сваю страчаную чысціню, свае зламаныя надзеі і разбітыя мары. І Я з задавальненнем вазьму на сябе твой цяжар.
Я дзякую табе за ўсе тыя часы, калі ты смела нес свой крыж. Так, нягледзячы на сваю слабасць, ты зрабіў гэта для душаў, якія Я люблю. Я вылечу твае раны, мінулыя і цяперашнія. Я вярну табе тваю нявіннасць і чысціню. Я напоўню твае сэрца новай надзеяй. Ты народзішся нанова ў любові, свеце і прыгажосці. Твая нявіннасць будзе створана нанова ў маім ўваскрасенні. Твая спадчына - быць маім дзіцём: Ты маё дзіця, дзіця Божае. Без тваёй добрай волі Я бездапаможны, таму што Мне патрэбна твая любоў, каб дапамагчы Мне несці гэты крыж распятай нявіннасці ў кожным, хто вакол цябе, а таксама ў табе самім. Разам мы пераможам. Я заўсёды з табой.
3. Езус падае першы раз
Дзіця маё, перадай Мне ўсе твае няўдачы і правалы, кожнае расчараванне і тваё адварочванне … момант, калі ты адвярнуўся ад Мяне і прынізіў Мяне сваімі грахамі, калі ты зламаў Маё боскае жыццё ў табе і іншых. Дай Мне тваю празмерную саманадзейнасць.
Дазволь Мне выказаць табе падзяку за ўсе тыя моманты, калі табе ўдалося ўстаць з упадку і працягваць свой шлях. Дазволь Мне падзякаваць табе за тое, што ты зноў звярнуўся да Мяне з пакорай і глыбокім пакаяннем ў сэрцы. Разам з табою я рады кожнаму новаму пачынанню на тваім шляху ў неба.
4. Езус сустракае сваю Маці
Маці і бацькі, дайце Мне сваё гора і боль. Дайце Мне бяссілле, калі бачыце, што вашы дзеці аддаляюцца ад Мяне. Дзеці, перадайце Мне свой страх, калі трэба ісці па сцежках, якія вашы бацькі не разумеюць да канца і якія вы не можаце растлумачыць. Станьце пад позіркам нястомнай любові паміж Маёй Прачыстай Маці і Мной, і ўсё будзе добра. Я аддаю вам Маю Маці, каб была вашай маці! Я пакажу вам Майго Айца і каб Ён быў вашым Айцом: "Я шлях, праўда і жыццё" (Ян 14, 6). Прыйдзіце і наследуйце Мяне на гэтым шляху любові.
5. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж
Маё дзіця, дай мне ўсе тыя моманты, калі ты адмовіўся дапамагаць іншым, хаця гэта было ў тваіх сілах. Перадай Мне ўсе тыя сітуацыі, калі ты абцяжарыў жыццё іншых, замест таго, каб палегчыць яго, і калі ты адкінуў крыж альбо неахвотна прыняў яго. Дай Мне цяжар тваёй маладушнасці.
Я ўспомню кожны момант, калі ты камусьці дапамог і дзе ты ахвотна прымаў на сябе цяжар чужога болю альбо дзяліў цяжар Майго крыжа. Я буду накіроўваць цябе і дапамагаць табе рабіць лепш і быць больш шчодрымі ў будучыні, бо тое, што ты робіш іншаму, ты робіш і Мне.
6. Вераніка выцірае твар Езуса
Маё дзіця, перадай Мне ўсе чалавечыя меркаванні, якія перашкаджалі табе "быць непадобным да іншых" і сведчыць усім пра Маю любоў. Асабліва, калі ты думаў толькі пра тое, што могуць думаць пра цябе іншыя. Дай Мне твой страх быць асуджаным, тваю абыякавасць, тваю бяздушнасць, цвёрдасць сэрца. Я дам табе магчымасць жыць пад Маім позіркам, а не пад позіркам людзей. Я дам табе сілы для пяшчоты, для далікатных, непрыкметных учынкаў любові. Столькі людзей мае патрэбу ў Маім суцяшэнні! Дай Мне свой ганарысты позірк і прадстаўленні, якія робяць цябе неспакойным. Я дам табе свае міласэрныя і любячыя вочы і ачышчу тваю памяць і ўяўленне. Мы з табою будзем разам суцяшаць Маіх узлюбленых дзяцей.
7. Езус падае другі раз
Маё дзіця, дай Мне цяжар грахоў. Яны так моцна цябе прыціскаюць. Ты адчуваеш, быццам у цябе няма сіл, каб устаць. І нават калі табе гэта ўдасца, ты занадта слабы, каб зноў не ўпасці. Такім чынам, ты застаешся ў сваім болі і пакутах. Я прыйшоў зноў узняць цябе, каб зняць гэты страшны цяжар, які прыгнятае цябе да адчаю. Проста аддай Мне свае грахі, незалежна ад таго, наколькі яны страшныя. Я не буду судзіць цябе, але буду суцяшаць і любіць. Прыходзь да Мяне на споведзь! Не хвалюйся, калі ты не ведаеш, з чаго пачаць. Ідзі да святара і растлумач яму свае цяжкасці і папрасі дапамагчы табе. Прыходзь да Мяне часта, Я чакаю цябе.
8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
Маё дзіця, дай Мне ўсе моманты, калі ты занядбоўваў малітвай за сябе і сваю сям'ю. Калі ты перастаў маліцца, бо думаў: «Ніхто не слухае, ніхто не слухае маіх малітваў... Бог не адказвае на мае малітвы... Бог не клапоціцца пра мяне ці пра маю сям'ю...” Перадай Мне ўсе тыя малітвы, на якія Я не адказаў тым чынам, як ты ўяўляў, і ўсе малітвы, на якія Я адказаў сваім чынам, але ты гэта адкінуў.
Усе гэтыя малітвы вядуць цябе да святасці. Часам адказ на малітву прыходзіць як пакута, страта ці боль, каб твая душа ўзрастала ў адвазе, любові і самаадданасці. Часам адказ на малітву будзе перапоўнены радасцю, спакоем і шчасцем.
Няма ніводнай малітвы ад Маіх дзяцей, на якую Я не адказваю. Бо Я люблю іх. Усё стварэнне кажа табе кожны дзень: «Я люблю цябе!» Падумай пра Мяне, таму што Я ніколі цябе не пакідаю, ніводнага моманту.
9. Езус падае трэці раз
Маё дзіця, перадай Мне ўсе сітуацыі, калі ты больш не можаш ісці, бо Я вельмі добра разумею, што ты адчуваеш! Я ляжу тут дзеля цябе. Падары Мне сваё няшчасце і павер у сілу Майго імя. Назаві Маё імя: "Езус". Я так люблю цябе, Я ведаю цябе па імені. Дай Мне ўсе непатрэбныя словы, тыя, якія прычынілі шкоду іншым або табе самому. Я пакладу цішыню любові і словы благаслаўлення і хвалы на твае вусны. Паглядзі на Маю Маці, чыё пяшчотнае сэрца дало Мне смеласці падняцца і працягваць свой шлях.
10. З Езуса здзіраюць адзенне
Маё дзіця, дай Мне ўсе рэчы, якія Я табе падарыў ад пачатку, але ад якіх так цяжка табе адмовіцца. Дай Мне самае дарагое з іх, і Я дам табе сапраўдную свабоду сэрца і розуму. Падары Мне ўсё сваё матэрыяльнае, інтэлектуальнае і духоўнае багацце. Ахвяруй Мне ўсе, што Я табе даў, і Я буду адорваць цябе яшчэ большымі ласкамі. Чаму ты баішся, Маё дзіця? Я Бог і здольны клапаціцца пра цябе. Дай мне твой недахоп шчодрасці, а Я аддам табе паўнату Маёй шчодрасці.
11. Укрыжаванне Езуса
Маё дзіця, дай Мне ўсе твае злыя ўчынкі, твае дрэнныя звычкі і твае недахопы. Дай Мне ўсё, чаго ты дакрануўся і чым забрудзіў цела, розум і душу. Я ачышчу твае пачуццё дотыку і выпраўлю твае ўяўленні і дзеянні. Я адкрыю табе нанова рэчаіснасць прыгожых і добрых рэчаў, якія Я стварыў для цябе. Перадай Мне ўсе тыя моманты, калі ты скардзіўся, бо Я прапанаваў табе застацца на крыжы са Мной з любові да іншых. Выкажы Мне твае клопаты пра сябе і пра іншых. Я дам табе смеласць добраахвотна стаць ахвярай выпраўлення і любові. Не бойся, Я з табою, і глядзі, твая нябесная Маці з намі.
12. Езус памірае на крыжы
Маё дзіця, дай Мне свой страх цярпець, і Я буду суправаджаць цябе. Я дам табе радасць разам з Маёй Маці аб'яднаць нашыя прабітыя сэрцы для выратавання свету. Дай Мне бунт і страх перад тваёй смерцю, а таксама перад смерцю тваіх блізкіх, бо Я перамог нянавісць і смерць на крыжы! Дай Мне твой крык страху, і Я дам табе крык перамогі: "Няхай станецца твая воля". Табе трэба толькі заўседы памятаць пра Мяне, і ты будзеш мець жыццё ў Маёй прысутнасці!
13. Езуса здымаюць з крыжа
Маё дзіця, дай Мне недахоп пяшчоты і чалавечага цяпла ў тваім мінулым і сучаснасці. Адпачні ў Маіх абдымках і аддай сябе той матчынай любові, якую Я маю для цябе.
Кліч Нябесную Маці. У Яе руках твой дух, тваё цела і твая параненая душа. Ты Яе дзіця, як і Я. Яе слёзы заступаюцца за цябе. Любі Яе! Як моцна Яна цябе любіць!
14. Езуса кладуць у грабніцу
Маё дзіця, дай Мне ўсё, што ў табе імкнецца да адзіноты і смерці. Я падару табе давер і веру, любоў да Маёй волі, любоў да жыцця, жыццярадаснасць, жаданне любіць Мяне і бліжніх. Ты ніколі не адзін, ні адной хвіліны. Дай Мне тваю пустэчу і несапраўднасць. Я дам табе сваё багацце. Дай Мне твае слёзы і тваё гора, і Я дам табе мой спакой, маю надзею і маё слаўнае ўваскрасенне.
Заканчэнне
Усемагутны Божа, удзялі майму целу, розуму і душы здароўе і ацаленне, суцяшэнне і ўмацаванне. Пакладзі ўва мне дух хвалы, пакланення і падзякі. Надзялі мяне дарамі Святога Духа, аднаві іх ўва мне. Вядзі мяне да жыцця ў святасці і радасным служэнні. Аб гэтым прашу Цябе ў імя Езуса, Збаўцы ўсяго чалавецтва, і праз заступніцтва Маці Божай, анёлаў і святых. Аб гэтым прашу Цябе ўшаноўваючы Эўхарыстычнае Сэрца Езуса і Марыі, праслаўляючы і дзякуючы Найсвяцейшай Тройцы. Амэн.
У прысутнасці ўсіх нябесных хораў я сёння выбіраю Цябе, о Марыя, як Маці і Валадарку майго жыцця. Я прысвячаю і давяраю Табе маё цела і душу як Тваю ўласнасць і маёмасць, усе мае знешнія і ўнутраныя набыткі, а таксама каштоўнасць усіх маіх добрых спраў, мінулых, цяперашніх і будучых. Цалкам без выключэння, Ты маеш права распараджацца мной і ўсім, што мне належыць па тваім меркаванні, у часе і вечнасці, для большай славы Божай. Амэн.